Арына Сабаленка прызналася, што не дае ёй спаць начамі
- 29.03.2026, 13:59
Беларуская тэнісістка расказала пра свае пачуцці пасля перамогі ў Маямі.
Першая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка расказала пра свае пачуцці пасля перамогі на турніры ў Маямі.
Арына перамагла ў фінале турніру WTA-1000 у Маямі амерыканку, чацвёртую ракетку, Кока Гаўф. Яна двойчы саступала Гаўф у фіналах турніраў «Вялікага шлема», таму была асабліва сур'ёзна настроеная на паядынак.
— Мой настрой перад фіналам быў такі: «Я ні за што не прайграю». Я старалася захоўваць гэты жорсткі настрой, змагацца за кожны розыгрыш, не дазваляць нічаму ўплываць на мяне, — сказала яна на прэс-канферэнцыі.
Перамогшы на турнірах у Індыян-Уэлсе і Маямі, беларуска зрабіла «Сонечны дубль», які раней пакарыўся толькі чатырым тэнісісткам у гісторыі.
— У апошніх фіналах я была вельмі моцнай унутрана і вельмі пазітыўна настроенай. Акрамя таго, у нас была вельмі добрая падрыхтоўка. Я вельмі шмат працавала. Таму кожны раз, калі я пачынала сумнявацца, нагадвала сабе: «Не, не, не. Ты дастаткова моцная, каб гэта зрабіць», — падзялілася Арына.
Арына Сабаленка прызналася, як цяжка яна перажывае паразы:
— Я ненавіджу прайграваць. Ненавіджу гэтае адчуванне, калі прайграеш матч. Не магу спаць, мне сняцца тэнісныя матчы, я ненавіджу сябе за памылкі, якія, магчыма, каштавалі мне перамогі. Таму кожны раз, выходзячы на корт, я стараюся выкласціся напоўніцу і зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб перамагчы.