BE RU EN

Украіна гатовая знішчаць іранскія дроны на Блізкім Усходзе

  • 3.03.2026, 2:05

Зяленскі назваў умову.

Украіна гатовая дапамагчы краінам Блізкага Усходу ў барацьбе з іранскімі дронамі, калі лідары арабскіх дзяржаў змогуць дамовіцца з расійскім дыктатарам Пуціным аб перамір'і.

Аб гэтым сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, адказваючы на пытанне карэспандэнта «УНІАН». Ён адзначыў, што лідары краін Блізкага Усходу пакуль з такім запытам да Украіны не звярталіся.

«Яны ведаюць наш досвед, нашы магчымасці. Вельмі важна, што ўсе бачаць, што нават пры такой колькасці сродкаў ППА, якія ёсць на Блізкім Усходзе, „Шахеды“ далятаюць. Далятаюць, бо іх вельмі шмат: там і ракеты, і дроны. Гэта тыя самыя „Шахеды“, што далятаюць да нас. Мы збіваем вялікі працэнт», — падкрэсліў кіраўнік украінскай дзяржавы.

Зяленскі дадаў, што партнёры разумеюць, наколькі высокі ўзровень экспертызы ўкраінскіх вайскоўцаў. І калі будзе адпаведны запыт — Украіна на яго адрэагуе.

Адначасова ён адзначыў, што Блізкі Усход таксама можа дапамагчы Украіне:

«Блізкі Усход мае цесныя эканамічныя адносіны з Расійскай Федэрацыяй. І мае ўплыў. Калі яны пададуць Расіі сігнал аб спыненні агню на нейкі час — месяц, два месяцы, мы зможам тады накіраваць нашых спецыялістаў, каб абараніць грамадзянскае насельніцтва».

Таксама Украіна гатовая працаваць з партнёрамі ў сферы падрыхтоўкі іх вайскоўцаў.

Пры гэтым Зяленскі пацвердзіў, што ў Украіны ёсць цікавасць да абмену зброяй.

«У нас ёсць свае магчымасці, якія мы вырабляем, і ёсць дэфіцыт. І ў краін Блізкага Усходу, у прынцыпе, таксама ёсць гэты дэфіцыт. Таму мы будзем гатовыя да кантакту. Дыпламаты атрымалі ад мяне каманду, яны камунікуюць», — дадаў прэзідэнт Украіны.

Апошнія навіны