Найбуйнейшы ўдар за ўвесь час вайны
- 30.03.2026, 15:13
Расійскі Таганрог атакавалі беспілотнікі.
У Таганрозе Растоўскай вобласці РФ у ноч на панядзелак, 30 сакавіка, чуліся гучныя выбухі. Мясцовыя жыхары заяўляюць пра найбольш маштабную атаку БПЛА на горад з пачатку вайны.
Губернатар расійскай вобласці Юрый Слюсар заяўляе, што расійская СПА падчас «масіраванай атакі БПЛА» ноччу нібыта «знішчыла» больш за 60 дронаў у Таганрозе і ў шасці раёнах рэгіёна.
Мэр Таганрога Светлана Камбулава сцвярджае, што ў выніку атакі загінуў адзін чалавек, яшчэ восем — пацярпелі. Яна паведамляе пра пашкоджанне трох прамысловых аб’ектаў, а таксама дамоў і аўтамабіляў.
Telegram-канал Astra адзначае, што апублікаваныя ў сеціве відэа фіксуюць працу расійскай супрацьпаветранай абароны ў Таганрозе над жылымі дамамі. Дэтанацыі на зямлі адбываліся пасля падзення ракеты ЗРК «Панцыр», таму ўсе наступствы ў грамадзянскай забудове — гэта выключна вынік працы расійскай СПА, піша кіраўнік Цэнтра вывучэння акупацыі Пётр Андрушчанка.
Таксама мясцовыя ўлады заяўляюць пра эвакуацыю жыхароў шматпавярхоўкі на вуліцы Свабода, перакрыцце тэрыторыі і блакіраванне руху трамваяў у напрамку авіяцыйнага завода Берыева, які размешчаны паблізу вуліцы Свабоды.