BE RU EN

Украінская разведка: расіяне рыхтуюцца да страйкаў

  • 30.03.2026, 8:42

З-за глыбокага эканамічнага крызісу.

Эксперты прагназуюць, што з-за глыбокага эканамічнага крызісу ў найбліжэйшы час у Расіі зачыніцца да траціны суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Пра гэта паведамляе Служба знешняй разведкі Украіны.

«Расійскі малы і сярэдні бізнес увайшоў у 2026 год у стане глыбокага крызісу. Паводле дадзеных апытанняў, 95% прадпрымальнікаў фіксуюць пагаршэнне сітуацыі, тры чвэрці паведамляюць пра значныя ўскладненні. Падзенне выручкі з пачатку года зафіксавалі 68,7% рэспандэнтаў, а 5,5% ужо спынілі дзейнасць», — гаворыцца ў паведамленні.

Як адзначаецца, мацней за ўсё попыт прасеў у б’юці-індустрыі, стаматалогіі, тэхабслугоўванні і рамонце аўтамабіляў. Рэнтабельнасць найбольш знізілася ў аўтарамонце, ахове здароўя і фармацэўтыцы, у гасцінічным бізнесе. Паралельна ў тых жа сектарах расце ценявая занятасць. Цэны ўжо паднялі 82,7% прадпрымальнікаў, больш за палову з іх павысілі расцэнкі да 20%. Эксперты прагназуюць, што ў найбліжэйшы час зачыніцца да траціны суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу.

Запазычанасць па заработнай плаце толькі ў студзені 2026 года дасягнула 1,86 млрд рублёў, прычым 40,7% гэтай сумы сфармавалася менавіта ў першы месяц года. Лідар па нявыплатах — будаўнічая галіна: 42% выпадкаў, далей ідуць перапрацоўка сыравіны (31,1%) і здабыча карысных выкапняў (11%).

Найбольш гучны выпадак — крах найбуйнейшага будаўнічага холдынгу Сібіры «Новолекс», які завінаваціўся работнікам каля 2,5 млрд рублёў. «Альфа-Банк» патрабуе спагнаць з холдынгу 1 млрд рублёў, у арбітражныя суды пададзена дзевяць заяў аб банкруцтве, а на частку цяжкай тэхнікі ўжо накладзены арышт. Чысты прыбытак большасці структур холдынгу ўпаў на 70–90%, Гандлёвы дом «Новолекс» завяршыў год са стратай у 148 млн рублёў.

Тым часам у Варкуце работнікі «Северпутьстроя» і «Северкомплектстроя» рыхтуюцца да страйкаў — поўны заробак апошні раз ім выплацілі яшчэ ў снежні, лютаўскія выплаты ўвогуле не паступілі. Адзін страйк ужо адбыўся. Супрацоўнікі муніцыпальнага «Спецыялізаванага дарожнага ўпраўлення» праз суд дамагліся павышэння акладаў з 8 да 30–57 тыс. рублёў, аднак грошай не атрымалі — большасць з іх проста звольнілі.

Праблемы з выплатамі ахопліваюць і іншыя рэгіёны: вадзіцелі аўтобусаў у Тыве, на Камчатцы і ў Омскай вобласці не атрымліваюць заробак, дарожнікі ў Смаленску з мінулага года безвынікова дамагаюцца павышэння акладаў і нармальных умоў працы.

Апошнія навіны