У Расіі «лёг» дзяржаўны мэсэнджар Max
- 30.03.2026, 11:27
Прыкладанне не адкрываецца ў шэрагу рэгіёнаў Расіі.
Раніцай 30 сакавіка ў Расіі перастаў працаваць дзяржаўны мэсэнджар Max, паводле даных Downdetector. Пасля 9:00 карыстальнікі пакінулі больш за 2700 скаргаў на праблемы з доступам да сэрвісу, піша The Moscow Times.
У каментарах паведамляецца, што мэсэнджар не адкрываецца, не дазваляе адпраўляць і атрымліваць паведамленні, а таксама загружаць медыяфайлы. Больш за ўсё скаргаў паступіла з Маскоўскага рэгіёна, Санкт-Пецярбурга, Краснадарскага краю і Самарскай вобласці. Адміністрацыя Max пацвердзіла збой, адзначыўшы, што спецыялісты працуюць над рашэннем праблемы.
Улады актыўна навязваюць расіянам дзяржаўны мэсэнджар, спасылаючыся на яго «бяспеку» і «надзейнасць», адначасова блакуючы папулярныя замежныя сэрвісы — Telegram і WhatsApp. З 1 верасня Max абавязковы для папярэдняй усталёўкі на ўсе прылады, што прадаюцца ў краіне. Таксама мэсэнджар уключаны ў «белы спіс» дазволеных урадам рэсурсаў, якія павінны працаваць пры адключэннях інтэрнэту.