Спецназаўца скончыў жыццё самагубствам у Печах
- 30.03.2026, 12:50
Салдат скардзіўся сябрам на дзедаўшчыну.
Як стала вядома «Зеркалу», усё адбылося ў ноч з пятніцы на суботу, 14 сакавіка. Паводле папярэдніх звестак, салдат-строкавік мінскага спецназа здзейсніў суіцыд у вайсковым гарадку Печы, што ў Барысаве. Туды яго накіравалі «на вучэнні».
Маладога чалавека звалі Максім, ён родам з вёскі Падкраічы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. 20-гадовы хлопец нядаўна выпусціўся з Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Там ён вучыўся на аддзяленні сярэдняй спецыяльнай адукацыі і стаў тэхнікам па рамонце паветраных суднаў.
Максім хацеў быць лётчыкам, але восенню мінулага года яму прыйшла павестка з ваеннага камісарыята. Здароўе ў хлопца моцнае, таму яму прапанавалі службу ў спецназе ў Мінску. То-бок у часці 3214, або ў 3-й асобнай Чырванасцяжнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння. Яна ўваходзіць у структуру ўнутраных войскаў. Служыць там Максім мусіў паўтара года.
Паводле звестак «Зеркала», у Печы, дзе Максім здзейсніў суіцыд, яго і таварышаў па службе накіравалі «на вучэнні». Іншыя падрабязнасці высветліць не ўдалося. Як і прычыну самагубства. Паводле нашай інфармацыі, малады чалавек скардзіўся сваім сябрам на дзедаўшчыну.
Афіцыйна ні Міністэрства абароны, ні МУС гэты выпадак не каментавалі.