У Беларусь ідзе сапраўднае вясновае цяпло
- 30.03.2026, 13:01
У найбліжэйшыя дні чакаюцца першыя вясновыя навальніцы.
Сіноптыкі спрагназавалі Беларусі адчувальнае павышэнне тэмпературнага фону з-за ўзмацнення ўплыву чарговага антыцыклонавага хрыбта. Крыху сапсаваць беларусам вясновы настрой у найбліжэйшыя дні могуць дажджы, але, паводле прагнозаў спецыялістаў, яны будуць нядоўгімі, а месцамі пройдуць нават з навальніцамі.
Паводле дадзеных Telegram-канала @nadvorie, на Беларусь цяпер пераарыентавалася лагчына сістэмы нізкага ціску з цэнтрам над Чорным морам. Па меры таго, як гэты Чарнаморскі цыклон будзе прасоўвацца на поўнач, у Беларусі будзе павышацца тэмпература. Паглыбленне лагчыны цыклона павінна адбыцца акурат над тэрыторыяй Беларусі, таму ўдзень 30 сакавіка паветра ў асобных раёнах можа прагрэцца да +14..+19°С.
А вось пасля заходу сонца тэмпературныя кантрасты на фронце, згодна з прагнозамі спецыялістаў, узрастуць, павялічыцца воблачнасць і пройдуць дажджы: у ноч на аўторак, 31 сакавіка, іх спрагназавалі для ўсёй заходняй паловы краіны, то бок Брэсцчыны, Гродзеншчыны і часткі Віцебскай і Мінскай абласцей.
На ўсходзе Беларусі, а таксама ў сталічным рэгіёне, паводле разлікаў экспертаў, заўтра апоўдні таксама можа крыху прайсці дождж, але моцных ападкаў не чакаецца.