У Мінску шукаюць ліхача на электраскутары
- 30.03.2026, 14:13
Ён уладкаваў «гонкі» па падземным пераходзе.
У Мінску супрацоўнікі дзяржаўнага агенцтва «Мінск-Навіны» заўважылі вадзіцеля электрамапеда, які ехаў ад плошчы Перамогі да парка Чалюскінцаў «не заўсёды па выдзеленай веладарожцы» і нават па падземным пераходзе. У ДАІ паведамілі, што ўжо шукаюць гэтага чалавека.
Хлопца на электрамапедзе ў дзяржаўным агенцтве назвалі ліхачом. Там сцвярджаюць, што на ўчастку ад плошчы Перамогі да парка Чалюскінцаў ён ехаў са сярэдняй хуткасцю каля 30 км/г і «далёка не заўсёды па выдзеленай веладарожцы». Як мінімум адзін раз нават праехаў па падземным пераходзе, не злазячы — па спусках для інвалідных і дзіцячых каляскаў.
Дзяржагенцтва звярнулася ў сталічную ДАІ, там заявілі, што ўжо вышукваюць вадзіцеля электрамапеда. Яго шукаюць па запісах камер.
Паводле правілаў, кіроўцы такога транспарту павінны ехаць па веладарожцы, а пры яе адсутнасці — па абочыне, тратуары або пешаходнай дарожцы, не перашкаджаючы пешаходам. Пры гэтым на абочыне, тратуарах і пешаходных дарожках хуткасць не павінна перавышаць 10 км/г, а на веладарожцы — 25 км/г.