У Беларусі адмянілі яшчэ адзін музычны фестываль
- 30.03.2026, 15:08
Festiwow стаў ужо трэцім буйным опэн-эйрам, які не адбудзецца.
Летась беларусы радаваліся масаваму вяртанню ў краіну буйных музычных фестываляў, але, як высветлілася, добрага — па крыху, паведамляе Onlíner. Хваля адмен опэн-эйраў працягваецца: следам за Wostrau і Lidbeer сумныя навіны паведаміў Festiwow. Прычіны — усё тыя ж, «не залежныя ад арганізатараў».
— Мы да апошняга верылі, што атрымаем дазвол на правядзенне нашага фестывалю, але, на жаль, закон ёсць закон. Мы вельмі спадзяёмся і верым, што яшчэ сустрэнімся з вамі! Дзякуй, што былі з намі гэтыя два гады, — гаворыцца ў сацсетках Festiwow.
Арганізатары таксама расказалі, што фестываль сарваўся літаральна ў апошні момант: дамовы з артыстамі ўжо былі падпісаныя, з дня на дзень павінны былі пачацца продажы квіткоў.
Festiwow праходзіў на мінскім стадыёне «Дынама» ў 2024 і 2025 гадах — на сцэне выступалі многія актуальныя артысты з краін СНД: Saluki, Zoloto, Toxi$, Cream Soda, «Мая Мішэль», «Тры дні дажджу» і іншыя.
Гэта ўжо трэці буйны беларускі фестываль, што паведаміў пра адмену ў 2026-м. Раней арганізатары нясвіжскага опэн-эйру Wostrau, тлумачачы прычыны, спасылаліся на пастановы Савета Міністраў «Аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў» і «адсутнасць магчымасці прывозіць замежных артыстаў самастойна».