Беларуска знайшла ў лустках хлеба «Фітнес» металічную нітку
- 30.03.2026, 18:25
Фотафакт.
Фрагменты металічнай ніткі выявіла пакупніца ў лустках нарэзнога хлеба «Фітнес» ад брэнда «Слуцкі каравай». Фота і відэа сваёй знаходкі жанчына падзялілася ў сацсетцы Threads, на што звярнула ўвагу «Зеркало».
Судзячы па апублікаваным відэа, у адной лустцы хлеба апынулася металічная нітка даўжынёй прыкладна тры сантыметры, у другой — толькі дробны фрагмент.
«Вельмі любіла гэты хлебчык. Ніколі б не падумала, што можа папасціся металічная губка», — напісала карыстальніца alina___andreevnaa.
У каментарыях частка карыстальнікаў успрыняла інцыдэнт з іроніяй, у жарт адзначыўшы, што такі хлеб прызваны кампенсаваць недахоп жалеза ў арганізме. Іншыя заклікалі паставіцца з разуменнем:
«Ну што ж, гэта вялікая вытворчасць, такія касякі могуць быць. Непрыемна, вядома, але я б і далей купляла, хлеб топавы», — падзялілася меркаваннем каментатарка з нікам lavandovayaa.
На гэта аўтарка паста заўважыла, што «такія касякі згубныя для здароўя», бо пагражаюць пашкоджаннем «стрававода, страўніка або зубоў».
Нагадаем, у адпаведнасці з законам аб абароне правоў спажыўцоў шкода жыццю і здароўю з-за недахопаў тавару падлягае поўнаму пакрыццю вытворцам, прадаўцом, выканаўцам незалежна ад віны і дагаворных адносін.
Калі тавар прызнаны неякасным, спажывец можа дамагчыся яго замены, змяншэння пакупной цаны, бясплатнага ўстаранення недахопаў, а таксама кампенсацыі выдаткаў на ўстараненне недахопаў.