Маштабная праверка баяздольнасці, якую Лукашэнка абвясціў у студзені, дагэтуль не скончылася
- 30.03.2026, 19:38
«Партызаны» ўсё яшчэ на палігонах.
Раптоўную праверку баяздольнасці Аляксандр Лукашэнка абвясціў 16 студзеня. Паводле слоў дыктатара, ён «узварушыў усю армію». А тыдзень таму заявіў, што ўзброеныя сілы ў цэлым «паказалі дастатковую баяздольнасць». Аднак на гэтым усё не скончылася. Як расказаў «Зеркалу» адзін з родзічаў ваеннаабавязанага, «партызаны» дагэтуль на палігонах.
Імёны герояў змененыя для іх бяспекі.
На ўмовах ананімнасці мы пагаварылі з Сяргеем, родзічам 32-гадовага Іллі з Гродзенскай вобласці, які з пачатку лютага знаходзіцца на зборах.
— Спачатку яны былі ў Гродне, потым усе раз'ехаліся па розных месцах. Ілля вось трапіў пад Баранавічамі. Кажа, рухаліся са хуткасцю 30 км у гадзіну. А адлегласць там каля 250 кіламетраў — змучыліся ехаць.
Паводле слоў Сяргея, пра нейкія ідэалагічныя заняткі Ілля не расказваў. Асноўная маса афіцэраў аказалася такімі ж «партызанамі» — ваеннаабавязанымі, прызванымі з запасу.
— Афіцэры ўсе з грамадзянкі, дык паводзяць сябе нармальна. Ходзяць, не ведаюць, калі зье**ацца, — перадае Сяргей словы родзіча. — Ёсць і кадравыя, але «партызанаў» больш. Як ім патлумачылі, сэнс вучэнняў — у адпрацоўцы стральбы і зладжвання войскаў.
Ілля распавядаў, што нават пару разоў пастраляў з АК-47.
— Ён кажа, што нудна проста так страляць. Набрыдае, — апісвае Сяргей і дадае, што асобна на палігоне трэніруюцца пілоты БПЛА. — Ёсць дроншчыкі, але там усе штатныя вайскоўцы-кантрактнікі.
Паводле слоў Сяргея, умовы ў родзіча палявыя. Адпаведна і харчаванне спецыфічнае: перлаўка з тушанкай, часам грэчка.
— Ілля расказаў, што няма ніякай гародніны, і прызнаецца: «Калі шчыра, ужо зае**ла адно і тое ж», — тлумачыць суразмоўца. — Колькі яны там будуць, ніхто не ведае. Можа, у канцы месяца, можа, на пачатку красавіка адпусцяць. Ніхто не кажа, бо, паводле слоў Іллі, загады зверху ідуць у канвертах.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што такая маштабная праверка ў арміі праводзіцца ўпершыню. Як мы ўжо пісалі, ваеннаабавязанных пачалі масава заклікаць у часці з 16 лютага. Павесткі мужчынам прыносілі за лічаныя гадзіны да пазначанага ў іх часу, потым доўга трымалі ў ваенкаматах. Таксама многія абураліся тым, што няма выключэнняў для маладых бацькоў і празрыстасці ў адборы.
На гэта адрэагавала Міністэрства абароны. «Пазначаны від збораў мае шэраг асаблівасцяў. Тэрміны прыбыцця ваеннаабавязанных на папярэднія пункты збору з моманту атрымання павесткі мінімальныя і могуць складаць менш за суткі. Тэрмін працягласці дадзенага віду збораў можа складаць да 60 сутак», — казаў намеснік начальніка ўпраўлення Галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генштаба Юрый Ганціеўскі.