Пад Мінскам прадаюць дачу беларускага пісьменніка
- 30.03.2026, 20:09
Цана прымальная.
Пад Мінскам прадаецца дачны дом, у якім калісьці жыў беларускі пісьменнік Алесь Бачыла (1918–1983), піша realt.by.
Пра гэта згадаў агент, які займаецца продажам гэтай нерухомасці.
Дача размешчана ў садоўніцкім таварыстве Саюза беларускіх пісьменнікаў «Узгор’е-2». Гэта за 17 км ад сталіцы ў Маладзечанскім напрамку і за 4 км ад Заслаўя.
Дачны дом беларускага пісьменніка выстаўлены на продаж за $20 000 (59 070). Ён зрубны і мае два паверхі. Плошча складае 56 м².
На першым паверсе ёсць два пакоі і кухня. Другі — мансардны. Адзначаецца, што на ім неабходна зрабіць рамонт. Вада сезонная, а ацяпленне пячное.
Зямельны ўчастак займае 4,28 соткі. На тэрыторыі пасеяны газон. Ёсць летняя кухня.
З Мінска туды можна даехаць на маршрутцы і аўтобусе ад станцыі метро «Пушкінская». Дарога пешшу ад прыпынку да дома зойме 10 хвілін.
Садоўніцкае таварыства знаходзіцца на ўзвышшы і акружана лесам. Камунікацыі наладжаны для круглагадовага пражывання, некаторыя суседзі так і жывуць. У аб’яве пазначана, што людзі там інтэлігентныя і дружалюбныя.
Два разы на тыдзень прыязджае аўталавка, круглы год працуе і стацыянарная крама. Узімку дарогу да таварыства чысцяць — з праездам праблем быць не павінна.