Названыя найбольш эфектыўныя практыкаванні для паляпшэння сну
- 31.03.2026, 0:59
Лепшыя вынікі паказала ёга.
Рэгулярныя заняткі ёгай могуць быць больш эфектыўнымі за іншыя віды фізічнай актыўнасці ў барацьбе з парушэннямі сну. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Харбінскага спартыўнага ўніверсітэта. Праца апублікаваная ў часопісе Sleep and Biological Rhythms (SBR).
Даследчыкі прааналізавалі даныя 30 рандомізаваных клінічных выпрабаванняў з удзелам больш за 2,5 тысячы чалавек з праблемамі сну з розных краін. Параўноўваліся розныя віды актыўнасці — хадзьба, сілавыя трэніроўкі, аэробныя нагрузкі, а таксама традыцыйныя практыкі, як цыгун і тайцзі.
Лепшыя вынікі паказала ёга. Паводле даных аналізу, найбольш эфектыўным аказаўся рэжым: заняткі высокай інтэнсіўнасці працягласцю да 30 хвілін двойчы на тыдзень. Паляпшэнне сну назіралася ўжо праз 8–10 тыдняў.
Хадзьба заняла другое месца па эфектыўнасці, за ёй ідуць сілавыя практыкаванні. Пры гэтым даследаванне падкрэслівае, што важную ролю адыгрывае не толькі працягласць, але і тып нагрузкі.
Навукоўцы адзначаюць, што дакладны механізм уплыву ёгі на сон пакуль да канца не зразумелы. Аднак ёсць некалькі магчымых тлумачэнняў. Ёга спалучае фізічную нагрузку з дыхальнымі практыкамі, якія актывуюць парасімпатычную нервовую сістэму — яна адказвае за расслабленне і аднаўленне арганізму. Акрамя таго, некаторыя даныя сведчаць, што ёга можа ўплываць на актыўнасць мазгавых хваль, спрыяючы больш глыбокаму сну.
Аўтары падкрэсліваюць, што нягледзячы на абнадзейлівыя вынікі, патрэбныя дадатковыя якасныя даследаванні, каб пацвердзіць эфект і лепш зразумець механізмы. Пры гэтым спецыялісты нагадваюць: універсальнага рашэння праблем са сном не існуе, і розныя віды актыўнасці могуць па-рознаму ўплываць на людзей.