Камісія парламента Ірана адобрыла ўвядзенне пошлін для суднаў у Армузскім праліве
- 31.03.2026, 6:35
Іран заблакаваў праліў пасля пачатку вайсковай аперацыі ЗША і Ізраіля.
Камісія парламента Ірана ўхваліла папярэдні праект закона аб судаходстве ў Армузскім праліве. У яго палажэннях ёсць пункт пра грашовыя зборы за праход праз марскі калідор. Пра гэта піша Fars са спасылкай на члена камісіі.
Праект таксама ўключае пункты пра:
рэгуляванне ў галіне мер бяспекі ў праліве;
бяспеку судаходства;
пытанні экалогіі;
забарону на праход праз праліў суднам, звязаным з ЗША або Ізраілем;
забарону на праход праз праліў суднам тых краін, якія ўдзельнічаюць у аднабаковых санкцыях супраць Ірана, і іншае.
Паводле звестак Bloomberg, да 80% танкераў, што праходзілі Армузскі праліў у сакавіку, належалі Ірану або сяброўскім яму краінам. Большасць з іх праходзілі праз марскі калідор па ўзгодненых з Тэгеранам маршрутах і трымаліся бліжэй да іранскага ўзбярэжжа. Мяркуецца, што Іран увядзе плату за праход праз свае тэрытарыяльныя воды. Судны абавяжуць загадзя аплачваць транзіт.
Іран заблакаваў Армузскі праліў пасля пачатку вайсковай аперацыі ЗША і Ізраіля супраць рэспублікі 28 лютага. У сакавіку Іран дазволіў карыстацца маршрутам сяброўскім краінам, у тым ліку Расіі, Індыі, Кітаю і Тайланду.