Лукашэнка ў хітра расстаўленай пастцы
- 31.03.2026, 11:30
Ці ўдасца дыктатару выкруціцца?
Ці ўдасца кіраўніку Беларусі выкруціцца паміж Пуціным і Трампам і трапіць у ЗША з другой спробы? Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у інтэрв’ю «Філіну» пракаментаваў пікантную сітуацыю, у якой апынуўся дыктатар.
— Калі ў размове з Коулом узгадвалася, што нібыта Лукашэнка можа паехаць у Вашынгтон проста на асабістую сустрэчу да Трампа, а там і ўвогуле ў Мар-а-Лаго, то з таго, што Трамп напісаў у апошнім твіце, вынікае іншае — ён чакае яго на наступным пасяджэнні Савета міру, — адзначае Аляксандр Фрыдман. — Гэта ўжо іншая гісторыя.
Коул таксама сказаў, што яны былі расчараваныя тым, што Лукашэнка не прыехаў на першае пасяджэнне. І цяпер гаворка ідзе не пра асобную сустрэчу, а пра тое, што Лукашэнка павінен прыехаць на Савет міру.
Але, вядома, не выключана, што для ўдзельнікаў Трамп можа арганізаваць нейкую экскурсію да сябе.
— Спачатку хацелася б удакладніць, як Лукашэнка туды дабярэцца?
— Ён жа хацеў ляцець праз Чукотку, няхай так і ляціць, адтуль на Аляску. Магчыма, Трамп паспрыяе, каб яго прапусцілі еўрапейцы.
Тут ёсць яшчэ дэталь: днямі Пяскоў раптам заявіў, што Савет міру для Расіі неактуальны і ніякага сябраства там для РФ у сувязі з агрэсіяй Ізраіля і ЗША супраць Ірана быць не можа.
— Дык як цяпер Лукашэнку выкруціцца паміж двума «сябрамі» — Пуціным і Трампам?
— Гэта яшчэ адзін тэст для яго. Думаю, ён другі раз паспрабуе папрасіць дазвол.
Што да вайны з Іранам, дык ён ужо на сустрэчы з Коулом даў зразумець: маўляў, мне ўсё роўна, што вы там робіце, я вельмі люблю іранцаў, але прэзідэнта Трампа люблю больш.
Пры гэтым, як мне здаецца, да гэтага пасяджэння яшчэ далёка. Пакуль ідзе вайна на Блізкім Усходзе, наўрад ці хтосьці паедзе на Савет міру. Лагічна было б праводзіць яго пасля заканчэння ваенных дзеянняў у Іране.
І зусім незразумела, якая да таго часу будзе знешнепалітычная рэальнасць.
— А калі б, дапусцім, цяпер адбыўся гэты Савет, якія аргументы Лукашэнка прывёў бы Пуціну, каб пераканаць яго адпусціць?
— Аргументацыя ў яго вельмі простая: я магу быць карысным. Амерыканцамі ён успрымаецца як патэнцыйна карысны і пры гэтым бяскрыўдны. Ён жа не дапамагае Ірану. А якую-небудзь інфармацыю Пуціну перадаць можа.
У яго задача — паказаць, што ён можа быць карысным і для Расіі. Тэарэтычна, напэўна, можа. Напрыклад, калі супраць яго скасуць санкцыі, ён дапаможа абыходзіць іх РФ.
Калі ён сапраўды зможа схіліць да сябе Трампа, хто яго ведае, нашэпча яму нешта на карысць РФ. То бок пэўная карысць для Расіі можа быць.
Але ў гэтым месцы, нягледзячы на тое, што Лукашэнка, маўляў, «нікуды не дзенецца», у Маскве з’яўляюцца страхі — а раптам? Яны баяцца любога папаўзнення амерыканцаў на постсавецкай прасторы, бо лічаць, што гэта накіравана супраць іх.
Па крайняй меры, ім наўрад ці трэба, каб у Лукашэнкі былі нейкія свае, больш цесныя адносіны з амерыканцамі. Крэмль цалкам задавальняе, калі кожны крок, які робіць Лукашэнка, праходзіць пад іх кантролем.
Вядома, яны баяцца, што ён можа выйсці з-пад кантролю. А калі яшчэ палічыць сябе нечым «вялікім і сур’ёзным» і пачне качаць правы ў дачыненнях з Расіяй, вернецца да таго, што не раз бывала да 2020 года, калі ён дазваляў сабе выпады супраць Расіі?
Як ужо казалі, калі амерыканцы пачынаюць нейкім чынам дзейнічаць на тых тэрыторыях, якія яны лічаць сваімі, у Крэмлі адразу загараюцца чырвоныя ліхтары. І мы гэта назіралі ў лютым, калі Лукашэнка спрабаваў адправіцца на першае пасяджэнне.
— Дык значыць, калі б сёння паклікалі, яго зноў бы не адпусцілі?
— Калі б сёння, думаю, Пуцін не адпусціў бы. Тут яшчэ і асабістае: як жа так — Лукашэнку будуць прымаць, можа, нават у самім Мар-а-Лаго, а Пуціна — не.
Яны баяцца, што на гэтым фоне Лукашэнка можа стаць больш амбіцыйным, не такім падатлівым.
Хаця, мне здаецца, гэтыя іх рызыкі перабольшаныя, бо амерыканцы не імкнуцца перацягнуць яго на свой бок. Там іншая палітыка. Яны імкнуцца перацягнуць яго разам з Расіяй, канкрэтна іх дваіх адцягнуць ад Кітая. Гэта прыярытэт.
— А такая фармальнасць, як мільярд, можа стаць перашкодай?
— Нашкрэбе ён гэты мільярд. Думаю, у ягоным разуменні Мар-а-Лаго вартае мільярда. У чалавека мара жыцця збудзецца. Потым можна будзе казаць: амерыканцы прынялі!
Гэтыя комплексы ў дачыненні да Амерыкі прысутнічаюць абсалютна адкрыта. Нават з таго, што распавядае Коул, гэта відаць.