BE RU EN

Украіна ліквідавала да 40% ракет РФ і абваліла экспарт нафты

  • 31.03.2026, 11:05

Наступствы удараў па расійскіх хімічных гігантах і стратэгічных партах.

Украінскія ўдары па аб'ектах у РФ істотна паменшылі вытворчасць ракет і скарацілі экспарт расійскай нафты.

Пра гэта паведамляе кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі Андрэй Каваленка у Telegram.

«Амаль 40% месячнай вытворчасці ракет, каля 45% экспарту нафты Расія ўжо страціла ў выніку ўкраінскіх удараў па іх аб'ектах, а таксама па лагістыцы», — паведаміў ён.

Удары па хімічных гігантах

Апошнім часам украінскія дроны ўсё часцей атакуюць крытычную інфраструктуру Расіі, наносячы значную шкоду яе вытворчым магутнасцям.

Як раней паведамляў кіраўнік ЦПД, на працягу апошняга месяца ўкраінскія сілы здзейснілі паспяховыя налёты як мінімум на пяць заводаў хімічнай прамысловасці Расіі, некаторыя з якіх атакавалі неаднаразова.

Гэтыя прадпрыемствы з'яўляюцца ключавымі ў ланцужку стварэння боепрыпасаў, і іх спыненне фактычна паралізуе далейшую вытворчасць.

Па словах Каваленкі, пад агнём таксама апынуліся вытворцы мікраэлектронікі і магутнасці Воткінскага завода, дзе вырабляюць ракеты «Іскандэр» і «Арэшнік».

Атакі на нафтавыя аб'екты РФ

Таксама ўкраінскія дроны сем дзён запар атакуюць Ленінградскую вобласць. 29 сакавіка СБУ паведаміла пра паспяховы ўдар па інфраструктуры нафтавага тэрмінала порта Усць-Луга.

Спадарожнікавыя здымкі Planet Labs ад 30 сакавіка пацвярджаюць маштабныя пажары ў партах Прыморск і Усць-Луга пасля атак беспілотнікаў.

У ноч на 31 сакавіка выбухі і інтэнсіўную стральбу зноў было чуваць над горадам Усць-Луга, а таксама ў Кірышскім, Лужскім і Тосненскім раёнах.

Порт Усць-Луга з'яўляецца адным з найбуйнейшых партоў РФ на Балтыйскім моры і ключавым вузлом для экспарту нафтапрадуктаў, размешчаным прыкладна за 1000 км ад украінскай мяжы.

Апошнія навіны