«Артэміс II»: пачаўся адлік да палёту НАСА вакол Месяца
- 31.03.2026, 12:22
Гэта першы за больш як 50 гадоў палёт астранаўтаў да Месяца.
NASA пачало адлік да запуску пілотаванай місіі «Артэміс II» — першага палёту астранаўтаў да Месяца за больш як 50 гадоў. Старт запланаваны на сераду з касмадрома імя Кенэдзі ў Фларыдзе, піша Sky News (пераклад — сайт Charter97.org).
Ракета-носьбіт Space Launch System (SLS) вышынёй каля 98 метраў даставіць чатырох астранаўтаў на дзесяцідзённую місію з аблётам Месяца. Палёт завершыцца прывадненнем капсулы ў Ціхім акіяне.
Галоўная дырэктарка па палётах НАСА Эмілі Нэльсан заявіла, што каманды цэнтра кіравання і экіпаж «цалкам гатовыя да запуску». У склад экіпажа ўваходзяць астранаўты НАСА Рэйд Уайзман, Віктар Гловер і Крысціна Кох, а таксама канадзец Джэрэмі Хансэн.
Місія стане наступным этапам праграмы «Артэміс». У 2022 годзе «Артэміс I» паспяхова здзейсніла аблёт Месяца без экіпажа, а «Артэміс III» павінна завяршыцца высадкай астранаўтаў на паверхню спадарожніка Зямлі. Першапачаткова запуск планаваўся раней, аднак яго перанеслі праз уцечку вадкага вадароду падчас выпрабаванняў у лютым.
Праграма «Артэміс» разглядаецца як ключавы крок да яшчэ больш амбіцыйных мэтаў — стварэння пастаяннай прысутнасці на Месяцы і падрыхтоўкі пілотаванай місіі на Марс.
Еўропа таксама ўдзельнічае ў праекце: еўрапейскі службовы модуль забяспечвае карабель «Арыён» энергіяй, палівам і сістэмамі жыццёзабеспячэння. Акно для запуску місіі адкрыта ў першыя шэсць дзён красавіка, пасля чаго старт адкладуць да канца месяца.