У Беларусі рыхтуюць скандальныя падатковыя змены
- 31.03.2026, 12:37
Яны відавочна не парадуюць людзей.
Чыноўнікі плануюць змяніць падатковую сістэму праз увядзенне механізму індэксацыі ставак, прывязаных да беларускага рубля. Такая ініцыятыва ўключаная ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2026 год.
Ідзе гаворка пра тое, каб карэктаваць фіксаваныя ў рублях падатковыя стаўкі з улікам інфляцыі. Падрабязнасці навацыі пакуль не раскрываюцца.
Цяпер стаўкі ў беларускіх рублях прымяняюцца, у прыватнасці, да падаткаў на нерухомасць, зямлю і транспарт. Іх памер звычайна зацвярджаюць у канцы года на наступны перыяд. Напрыклад, у Мінску на 2026 год падатак на першую кватэру павялічылі на 6,8%, а ў абласных цэнтрах і Мінскім раёне — на 6,7%. Пры гэтым улады чакаюць, што інфляцыя ў бягучым годзе не перавысіць 7%.
Мяркуецца, што новая сістэма дазволіць хутчэй рэагаваць на інфляцыйныя змены: пры іх рэзкім росце стаўкі змогуць дадаткова індэксавацца, што фактычна дасць магчымасць павышаць падаткі больш актыўна, чым планавалася раней.
У абгрунтаванні ініцыятывы адзначаецца, што яна нібыта накіраваная на далейшае ўдасканаленне падатковага заканадаўства.