Пуцін рэзка скараціў колькасць публічных мерапрыемстваў і амаль перастаў выязджаць з Масквы
- 31.03.2026, 13:17
Кіраўнік Крамля не рэагуе на рэзанансныя ўнутраныя падзеі.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін з пачатку года значна скараціў колькасць сваіх публічных мерапрыемстваў і фактычна перастаў ездзіць у рэгіёны, піша Faridaily.
Паводле падлікаў выдання, у студзені–сакавіку кіраўнік дзяржавы з'яўляўся на публіцы амаль на чвэрць радзей, чым у той жа перыяд год таму. Нават з улікам «кансерваў» — сустрэч, загадзя запісаных і выпушчаных пад выглядам актуальных, падзенне складае каля 20%. У параўнанні з перадвыбарчым 2024 годам актыўнасць Пуціна скарацілася амаль удвая: са 107 да 54 мерапрыемстваў. У мінулым годзе, а таксама да вайны і кавіду, прэзідэнт РФ праводзіў значна больш сустрэч, чым цяпер.
Упала і колькасць паездак у рэгіёны: за тры месяцы Пуцін пакідаў Маскву толькі адзін раз — дзеля ўдзелу ў мерапрыемствах у Санкт-Пецярбургу. У мінулым годзе за той жа перыяд ён наведаў паўночную сталіцу, Мурманск і Тальяці. У 2024 годзе рэгіянальных паездак было 13, у 2019-м — восем. Прычыны зніжэння публічнасці афіцыйна не тлумачацца. «Пуцін, вядома, не лічыць, што стаў менш актыўным, і гэтага не заўважае», — кажа блізкі да Крамля суразмоўца выдання. Арганізацыяй публічных мерапрыемстваў і фармаваннем іміджу прэзідэнта займаецца яго адміністрацыя, але, паводле слоў крыніцы, яна «даўно працуе на расслабоне»: «Перавагі аўтарытарызму — ніхто нікому нічога не павінен тлумачыць». Пуціну ўжо 73 гады, што таксама можа ўплываць на ягоны працоўны графік. Крыніца адзначае, што ў Крамлі даўно арыентуюцца на асабістую зручнасць прэзідэнта, а не на публічную павестку і тым больш на грамадскія запыты.
Падзенне актыўнасці Пуціна стала асабліва прыкметным з-за адсутнасці яго рэакцыі на рэзанансныя ўнутраныя падзеі — ад масавага канфіскавання і знішчэння хатняй жывёлы ў Навасібірскай вобласці да блакіровак інтэрнэту і сувязі па ўсёй краіне. Дыстанцыяванне ад непапулярных рашэнняў — звыклая тактыка Крамля, прызваная ўберагчы імідж прэзідэнта ад негатыўных асацыяцый, нагадвае выданне, але ва ўмовах росту незадаволенасці і адсутнасці тых, на каго можна было б перакласці адказнасць, яна працуе ўсё горш.
На гэтым фоне дзяржаўны Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі (ВЦІОМ) зафіксаваў падзенне рэйтынгаў улады: узровень адабрэння дзейнасці Пуціна і даверу да яго апусціўся да мінімуму з пачатку вайны, а падтрымка «Адзінай Расіі» — да самага нізкага значэння са снежня 2021 года.