Беларус адзначыў дзень нараджэння і стаў зоркай сацсетак
- 31.03.2026, 13:22
Што ўсіх так зачапіла?
Беларус Аляксей запасціў некалькі фота з адзначэння дня нараджэння. Здавалася б, звычайны пост раптоўна заляцеў — тысячы лайкаў і сотні вельмі добрых каментароў. Хтосьці нават захапляецца: нарэшце ўдалося трапіць на светлы бок інтэрнэту. Тым часам гісторыя набірае абароты — усяго за дзень пост мае больш за 408 тысяч праглядаў і амаль 20 тысяч «сэрцайкаў», піша Onliner.
Хлопец нарадзіўся і вырас у Слуцку, а цяпер жыве ў Мінску і працуе інжынерам-канструктарам. Свой 29-ы дзень нараджэння Лёша вырашыў сустрэць у родным горадзе — сюрпрыз з паходам у рэстаран уладкавалі бацькі.
— Бачыў, што часам выкладваюць трэды ў сацсетках — летась такое ўжо рабіў, атрымаў шмат віншаванняў. Вырашыў зноў праверыць рэакцыю. Спачатку віншавалі падпісчыкі, потым пачалі пісаць і незнаёмыя, а далей тэлефон проста разрываўся! Калі дайшло да 100 тысяч праглядаў, а лайкі перавалілі за 10 тысяч, я зразумеў: нічога сабе! Сам таго не чакаючы, атрымаў столькі прыемных слоў. Ведаеш, што добрых людзей шмат, але каб настолькі, — распавёў Лёша журналісту Onliner. — Думаю, што на хвалі папулярнасці ШІ ўсіх зачапілі простыя душэўныя фота, ды яшчэ з бацькамі.
Цяпер у трэдзе пад постам больш за 600 каментароў — на многія Лёша актыўна адказвае. Большасць паведамленняў — віншаванні і захапленне ад добрага вайба:
«Здаецца, у гэтым трэдзе мы ўсе пераскочылі на лепшую ветку рэчаіснасці».
«Захацелася ў Слуцк на дзень нараджэння!»
«З днём нараджэння!!! Вельмі цёплыя пачуцці выклікаюць вашыя фатаграфіі».
«Разрыдалася ад гэтай тонны найдабрэйшых каментаў! Аўтар, будзьце здаровыя і шчаслівыя! І бацькам таго ж!»
«Фота такія мілыя і душэўныя. З мінулым вас».
«Востраў чалавечнасці ў гэтым таксічным дадатку».
Хтосьці ў каментарах пажартаваў, што на фота не заўважаны Ігар. Калі раптам нейкім цудам прапусцілі гісторыю пра хлопца з Віцебска, які ідзе дадому, самы час прачытаць інтэрв'ю з раптоўнай зоркай Threads.