«Лукашэнка апынуўся на шпагате»
- 31.03.2026, 13:48
Васал перад кожным крокам азіраецца на Крэмль.
Дональд Трамп зноў запрасіў беларускага аўтакрата на пасяджэнне сваёй Рады міру. Пры гэтым чарговы раз назваў «глыбокапаважаным прэзідэнтам». Здавалася б, падарунак лёсу і суцэльны бальзам на душу. Але не ўсё так адназначна, піша палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі на «Белсат»:
— І вось цяпер Лукашэнка апынуўся на шпагате. Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коул, знаходзячыся ў Мінску 19 сакавіка, мякка папракнуў дыктатара за ігнараванне першага пасяджэння: «Мы былі расчараваныя». Той мусіў паабяцаць, што выпраўіцца.
Між тым Наталля Эйсмант наконт перспектываў удзелу Лукашэнкі ў Радзе міру днямі выказалася даволі асцярожна:
«Калі пасяджэнне адбудзецца сёлета і калі гэта будзе прымальна для беларускага боку, абавязкова наведаем гэты саміт».
Красамоўная агаворка: «Калі гэта будзе прымальна для беларускага боку». Тут могуць быць як мінімум два моманты.
Па-першае, важна, дзе адбудзецца саміт. Бо над Лукашэнкам навісае дамоклаў меч ордэра Міжнароднага крымінальнага суда. Яго юрысдыкцыю прызнаюць аж 124 дзяржавы. Таму геаграфія магчымых візітаў, і без таго абмежаваная, можа рэзка звузіцца.
Па-другое — і гэта галоўнае пытанне, — а ці адпусціць на тусоўку да Трампа «старэйшы брат»? На той жа сустрэчы з Глазьевым беларускі аўтакрат мусіў прыніжана абяцаць Крамлю паводзіць сябе ў Радзе міру як след:
«Не лізаць кагосьці там, не падстройвацца пад кагосьці, а займаць сваю пазіцыю, суверэнную пазіцыю».
Магчыма, гэтым разам і пашанцуе адпрасіцца ў Пуціна. Але ўвогуле гэты сюжэт яскрава паказвае, у якую залежнасць ад імперыі загнаў Лукашэнка і сябе, і, на жаль, усю Беларусь. Якая там суверэнная пазіцыя ў васала, які мусіць перад кожным крокам азірацца на Крэмль!