Politico: Парыж тэрмінова змяняе ваенныя планы
- 31.03.2026, 14:21
Праз досвед вайны ва Украіне і Іране.
Францыя прыступіла да маштабнага перагляду сваёй абароннай дактрыны, рыхтуючыся да магчымога сутыкнення з Расіяй ужо напрыканцы гэтага дзесяцігоддзя. Пра гэта паведамляе Politico са спасылкай на заявы высокапастаўленых прадстаўнікоў французскага войска.
Як адзначаецца ў матэрыяле, урокі вайны ва Украіне і канфлікту на Блізкім Усходзе стануць асновай абноўленага закона аб ваенным планаванні, які ўрад прадставіць 8 красавіка. Парыж робіць стаўку на танныя сродкі барацьбы з дронамі і ўмацаванне СПА.
«Мы выкарыстоўваем усё, чаму можам навучыцца ў Украіны, асабліва ў плане развіцця патэнцыялу — хай то ў сувязі з тым, што цяпер адбываецца на Блізкім Усходзе, ці з будучымі падзеямі на ўсходнім флангу», — сказаў намеснік начальніка ВПС Францыі генерал Домінік Тардыф.
Паводле наяўных звестак, адным з прыярытэтаў стала зніжэнне кошту вядзення вайны. Цяпер заходнія ракеты каштуюць значна даражэй за іранскія дроны-камікадзэ, якія яны збіваюць. Каб выправіць гэты дысбаланс, Францыя сумесна з кампаніямі Alta Ares і Harmattan AI распрацоўвае бюджэтныя дроны-перахопнікі. На думку экспертаў, гэта дазволіць эфектыўна знішчаць «Шахеды», не трацячы дарагія ракеты.
Прэм'ер-міністр Себасцьян Лекорню заявіў, што французскія кампаніі здольныя вырабляць тысячы дронаў штомесяц. Паводле яго слоў, неўзабаве адкрыецца новы завод, а да 2030 года Францыя выдаткуе 8,5 млрд еўра на боепрыпасы.
Асаблівую ўвагу надаюць абароне авіябаз. Як гаворыцца ў публікацыі, французаў уразілі поспехі ўкраінскай аперацыі «Павуціна» 2025 года, калі ўдары па расійскіх аэрадромах вывелі са строю стратэгічную авіяцыю РФ. Цяпер Парыж шукае спосабы абараніць уласныя самалёты ад падобных атак.
Акрамя таго, французскае камандаванне не выключае прамой агрэсіі Масквы супраць Альянсу ў найбліжэйшыя гады.
«Не выключана, што Расія выпрабауе НАТА ў перыяд паміж 2028 і 2029 гадамі. Калі ўзнікне праблема на ўсходнім флангу — улічваючы, што краіны Балтыі не маюць знішчальнай авіяцыі, а Румынія мае яе ў абмежаванай колькасці, — лётчыкі з краін Заходняй Еўропы, уключаючы нас, апынуцца на перадавой з першага дня», — падкрэсліў генерал Тардыф.