Беларус стаў найбуйнейшым гандляром кветкамі ў Эстоніі
- 31.03.2026, 17:27
Пакорвае Фінляндыю і нацэльваецца на Швецыю.
Беларус Павал Эзерын змог за некалькі гадоў пабудаваць паспяховы бізнес у Эстоніі і стаць найбуйнейшым рознічным прадаўцом кветак у краіне, піша у сваім тэлеграм-канале эканамічны аглядальнік Вадзім Сеховіч.
Кампанія Эзэрына One Management была заснаваная ў 2019 годзе ў Таліне. Прыблізна за чатыры гады яго бізнес заняў лідзіруючыя пазіцыі на рынку. Асноўнымі перавагамі сталі развітая анлайн-крама і бясплатная дастаўка па горадзе — рэдкая паслуга для кветкавага рынку.
У 2025 годзе кампанія выйшла на рынак Фінляндыі, адкрыўшы падраздзяленне ў Хельсінкі. Там яна таксама прапануе бясплатную дастаўку і абслугоўвае не толькі сталіцу, але і бліжэйшыя гарады. Наступны крок — выхад у Швецыю з адкрыццём бізнесу ў Стакгольме.
Паводле слоў Эзэрына, шлях да поспеху не быў лёгкім: спачатку яму давялося працаваць на простых працах, як і многім мігрантам. Аднак пэўную ролю адыгралі яго эстонскія карані, якія дапамаглі лягчэй распачаць справу.
Кампанія прадае розныя кветкі — ад руж да хрызантэм — і атрымлівае іх праз уласныя прадстаўніцтвы ў Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы. У 2024 годзе яе выручка дасягнула каля 1,8 мільёна еўра, а ў штаце працуе каля 35 чалавек.
Цікава, што прадпрымальнік пачынаў сваю кар'еру ў PR-агенцтве, заснаваным яго бацькам — Андрэем Эзэрынам. Пазней гэты досвед стаў асновай для развіцця ўласнага бізнесу. Дарэчы, бацька Паўла нядаўна выдаў кнігу «Ген мігранта. Пачатак». Яна складаецца з 25 гісторый «пра выклікі, з якімі сутыкаецца чалавек, што адважыўся на пераезд у іншую краіну ва ўзросце не самым маладым (45+-)».