У ЗША ёсць план: супраць рэжыму ў Іране можа выступіць магутная сіла
- 4.03.2026, 10:58
Крыніцы Reuters раскрылі сцэнар удару знутры.
Іранскія курдскія апалчэнцы апошнімі днямі абмяркоўвалі з Вашынгтонам, ці варта атакаваць сілы бяспекі Ірана на захадзе краіны і як гэта рабіць. Пра гэта паведамілі інфармагенцтву Reuters тры крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй. Яны гаварылі на ўмовах ананімнасці, «каб свабодна абмяркоўваць далікатныя ваенныя планы», адзначаюць журналісты, перадае 9tv.co.il.
Курды — традыцыйна найбольш варожая да рэжыму аятолаў частка грамадства. Кааліцыя курдскіх груповак базуецца на мяжы Ірана і Ірака, у аўтаномным рэгіёне Ірацкі Курдыстан. Цяпер яны праходзяць падрыхтоўку да магчымай атакі. Мэта — аслабіць іранскія ўзброеныя сілы. Задача — пасеяць хаос унутры краіны, стварыць умовы для паўстання праціўнікаў ісламскага рэжыму, пакуль ЗША і Ізраіль наносяць удары па ваенных і ядзерных аб'ектах.
Суразмоўцы журналістаў удакладнілі, што канчатковае рашэнне аб аперацыі і тэрмінах яе правядзення пакуль не прынята. Вядома толькі, што курды папрасілі ваенную падтрымку ЗША.
Таксама крыніцы паведамілі, што апошнімі днямі лідары Ірацкага Курдыстана ў Эрбілі і ўлады ў Багдадзе звязваліся з адміністрацыяй Трампа — бакі абмяркоўвалі магчымасць дапамогі ЦРУ ў пастаўках зброі.
Партал Axios гэтым тыднем пісаў, што прэзідэнт Дональд Трамп правёў тэлефонную размову з двума лідарамі Ірацкага Курдыстана. Агенцтва Reuters не змагло незалежна пацвердзіць згаданую інфармацыю — ЦРУ, Пентагон і Белы дом адмовіліся ад каментарыяў. Урад Курдскага аўтаномнага рэгіёну таксама не адказаў на запыт.
Reuters адзначае: «Любая аперацыя з тэрыторыі Ірака, верагодна, запатрабуе значнай ваеннай і разведвальнай падтрымкі ЗША. Курдскія групы ў Ірацкім Курдыстане даўно супрацоўнічаюць з ЗША. Пры гэтым дагэтуль не ясна, наколькі паспяховымі могуць быць дзеянні іранскіх курдскіх групаў унутры Ірана, — іх байцы маюць розны ўзровень баявога досведу».