У Беларусі перастаў працаваць сэрвіс анлайн-продажу білетаў на аўтобусы
- 4.03.2026, 14:46
Следам за сеткай зарадных станцый Malanka.
Часова перастаў працаваць сэрвіс анлайн-продажу білетаў Infobus. У выніку пошук і набыццё білетаў праз інтэрнэт сталі недаступныя.
Чытач выдання Tochka.by паскардзіўся: «З ночы не магу купіць білет праз „Infobus“. Цяпер давядзецца ехаць на аўтавакзал і стаяць у чарзе».
Прычынай збою стала аварыя на воблачнай платформе, з-за якой раней таксама часова выйшла з ладу сетка зарадных станцый Malanka.
«Мы вымушаныя паведаміць, што, паводле інфармацыі кампаніі МТС, у выніку аварыйнай сітуацыі на абсталяванні воблачнай платформы Huawei адбыўся часовы збой у працы сэрвісу infobus.by. Пошук і набыццё білетаў часова недаступныя. Цяпер вядуцца работы па ліквідацыі гэтай сітуацыі. Поўнае аднаўленне функцыянальнасці можа заняць пэўны час», — заявілі прадстаўнікі платформы.
Карыстальнікам таксама нагадалі, што раней набытыя білеты накіроўваюцца на электронную пошту, указаную пры афармленні замовы, і параілі правяраць папку «Спам».