Названыя даты апошніх званкоў і выпускных балаў у Беларусі
- 4.03.2026, 17:10
Для большасці вучняў навучальны год скончыцца 29 мая.
Мінадукацыі назвала даты апошніх званкоў і выпускных балаў у Беларусі ў 2026 годзе. Інфармацыя пра расклад мерапрыемстваў у канцы навучальнага года апублікаваная на mlyn.by.
Для большасці вучняў (з 1-га па 8-ы, а таксама 10-х класаў) навучальны год скончыцца 29 мая. Аднак для тых, каму трэба атрымаць атэстат, тэрміны зрушаныя: дзевяцікласнікі і адзінаццацікласнікі завершаць вучобу датэрмінова — ужо 25 мая.
Урачыстыя лінейкі, прысвечаныя святу апошняга званка, ва ўсіх школах Беларусі адбудуцца ў суботу, 23 мая.
Адразу пасля гэтага для выпускнікоў пачнецца экзаменацыйная пара. Для вучняў 11-х класаў цэнтралізаванае тэставанне прызначана на чатыры даты: 26 і 29 мая, а таксама 2 і 5 чэрвеня. У дзевяцікласнікаў выніковыя выпрабаванні працягнуцца з 1 па 10 чэрвеня.
Выпускныя балы ў Беларусі запланаваныя на 12 чэрвеня.