У Літве асудзілі беларусафоба
- 4.03.2026, 21:27
Лаўрынас Рагельскіс разкідваў партрэты загінулых беларускіх добраахвотнікаў і палітвязняў.
У Літве ненавісніку беларусаў Лаўрынасу Рагельскісу далі абмежаванне волі і забаранілі карыстацца інтэрнэтам. Суд прызнаў яго вінаватым па ўсіх пунктах абвінавачання. Суддзя Мірославас Гвоздовічус прызначыў канчатковае пакаранне — адзін год і дзевяць месяцаў абмежавання волі без інтэнсіўнага нагляду. Таксама Рагельскісу прызначаны штраф у памеры 12,5 тыс. еўра, паведамляе LRT.
Акрамя таго, суд абавязаў яго на працягу шасці месяцаў прайсці праграму карэкцыі паводзінаў, на працягу ўсяго тэрміну пакарання працаваць альбо зарэгістравацца ў Службе занятасці, а таксама бязвыплатна адпрацаваць 100 гадзін у ўстановах аховы здароўя і сацыяльных паслуг, якія даглядаюць пажылых і людзей з інваліднасцю.
На час абмежавання волі яму забаронена карыстацца сацыяльнымі сеткамі і інтэрнэт-платформамі, ствараць і распаўсюджваць любы кантэнт, весці трансляцыі, каментаваць матэрыялы, ствараць новыя сайты і ўліковыя запісы, а таксама карыстацца чужымі ўліковымі запісамі. Пры гэтым яму дазволена карыстацца электроннымі дзяржаўнымі сэрвісамі і інтэрнэт-банкінгам.
Пасля ўступлення прысуду ў сілу за выкананнем накладзеных абавязкаў будзе сачыць служба прабацыі. Магчыма выкарыстанне ІТ-спецыялістаў для кантролю.
Справу разглядалі з 2022 года і неаднаразова адкладалі. Усяго адбылося 67 судовых пасяджэнняў. Абвінавачаны ў суд не з’явіўся. У апошнім слове сваёй віны не прызнаў.
Згодна з абвінавачваннем, Рагельскіс здымаў і распаўсюджваў відэа, у якіх публічна абражаў і высмейваў розныя групы людзей па прыкмеце нацыянальнасці, палітычных поглядаў і перакананняў. У матэрыялах справы адзначаецца, што ён таксама апаганіў імправізаваны мемарыял памяці загінулых падчас падзей у Беларусі, зняўшы і выклаўшы адпаведнае відэа.
Прызначанае пакаранне часткова супадае з ранейшымі прапановамі пракурора, які таксама прасіў абмежаванне волі, штраф і дадатковыя абавязкі.
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы характарызуе Рагельскіса як «палітычнага маргінала», які актыўна супрацоўнічае з беларускімі прапагандыстамі і курыруе антызаходнія і прарасійскія рэсурсы на літоўскай мове.
Крымінальная справа супраць Рагельскіса была перададзеная ў суд яшчэ ў 2022 годзе, аднак працэс зацягнуўся на гады. Прарасійскі актывіст, які выдатна валодае літоўскай мовай, дэманстратыўна патрабаваў перакладчыка на рускую мову і перакладу ўсіх матэрыялаў справы. Ён шэсць разоў змяняў адвакатаў, спрабаваў адхіліць суддзю, засыпаў суд хадайніцтвамі.
Лаўрынас Рагельскіс з 2020 года час ад часу выступаў у беларускіх дзяржаўных СМІ, пры гэтым у абразлівай форме выказваўся пра апанентаў Лукашэнкі.
Мемарыял каля беларускага пасольства ў Вільні Рагельскіс спрабаваў разбурыць у кастрычніку 2020 года. Супраць яго было ўзбуджана справа аб «распальванні варожасці» і «апаганенні памятнага месца».