BE RU EN

Рыба прайшла тэст на інтэлект, які раней удавалася прайсці толькі высокаразвітым млекакормячым

  • 4.03.2026, 21:44

Гаворка ідзе пра рыбу-чыстальніка.

Невялікая марская рыба-чыстальнік прадэманстравала нечакана высокі ўзровень кагнітыўных здольнасцяў. У эксперыментах з люстэркам яна не толькі распазнала сябе ў адлюстраванні, але і выкарыстала кавалачак ежы, каб праверыць, як працуе люстэрка. Праца апублікаваная ў часопісе Scientific Reports (SR).

Гаворка пра рыбу-чыстальніка (Labroides dimidiatus) — невялікі марскі від даўжынёй каля некалькіх сантыметраў. У прыродзе гэтыя рыбы вядомыя тым, што ачышчаюць іншых рыб ад паразітаў і мёртвай тканкі.

Навукоўцы правяралі іх здольнасці з дапамогай так званага люстравага тэсту — класічнага эксперыменту, які выкарыстоўваюць для вывучэння самаразпазнавання ў жывёл. Сутнасць тэсту ў тым, што жывёле наносяць на цела пазнаку, якую яна можа ўбачыць толькі ў люстэрку. Калі жывёла спрабуе выдаліць гэтую пазнаку, лічыцца, што яна пазнае сябе ў адлюстраванні. У 2018 годзе паведамлялася, што яго здолела прайсці і рыба-чыстальнік, аднак вынікі выклікалі спрэчкі сярод навукоўцаў.

Крытыкі меркавалі, што рыбы маглі проста прымаць пазнаку на сваім целе за паразіта — бо ў прыродзе яны пастаянна выдаляюць паразітаў з іншых рыб.

Каб праверыць гэтую гіпотэзу, даследчыкі з Універсітэта Асакі і Універсітэта Нэўшатэля змянілі дызайн эксперыменту. У папярэдніх даследаваннях рыбы спачатку прызвычайваліся да люстэрка, а затым ім наносілі пазнаку. У новай працы парадак змянілі: спачатку на цела рыбы нанеслі пазнаку, а люстэрка паказалі ёй упершыню толькі пазней.

Такім чынам навукоўцы хацелі праверыць, ці ўсведамляе рыба, што на яе целе ёсць нешта незвычайнае, яшчэ да таго, як убачыць адлюстраванне.

Вынікі аказаліся нечаканымі. У сярэднім рыбы пачыналі спрабаваць пазбавіцца ад пазнакі ўжо праз 82 хвіліны пасля з'яўлення люстэрка — значна хутчэй, чым у папярэдніх эксперыментах. На думку аўтараў, гэта можа сведчыць пра тое, што жывёла ўжо адчувала наяўнасць «паразіта» на целе і карысталася люстэркам, каб зразумець, дзе менавіта ён знаходзіцца.

Акрамя таго, праз некалькі дзён назіранняў даследчыкі заўважылі незвычайныя паводзіны. Некаторыя рыбы паднімалі са дна акварыума невялікі кавалачак крэветкі, падплывалі з ім да люстэрка і кідалі яго перад адлюстроўвальнай паверхняй.

Калі кавалачак ежы падаў, рыбы ўважліва сачылі за яго адлюстраваннем і дакраналіся да люстэрка ротам. На думку навукоўцаў, такім чынам жывёлы маглі даследаваць уласцівасці люстэрка і правяраць сувязь паміж рэальным аб'ектам і яго адлюстраваннем.

Падобныя паводзіны, вядомыя як «праверка адпаведнасці», раней назіралі ў некаторых іншых жывёл, уключаючы свіней, макак, скатаў манта і варон.

Аўтары працы лічаць, што вынікі могуць змяніць уяўленні пра эвалюцыю самасвядомасці. Раней лічылася, што такія здольнасці ўласцівыя толькі няшматлікім высокаразвітым млекакормячым.

Апошнія навіны