BE RU EN

ЗША патапілі найбуйнейшы ваенны карабель з часоў Другой сусветнай — іранскі дронаўносец Shahid Bahman Bagheri

  • 5.03.2026, 8:31

Судна было першым у свеце караблём, прызначаным выключна для перавозкі ўдарных БПЛА.

Злучаныя Штаты патапілі іранскі дронаўносец Shahid Bahman Bagheri — найбуйнейшы ваенны карабель, знішчаны з часоў Другой сусветнай вайны, піша «Нямецкая хваля» (DW).

Як паведамляе Die Welt, гэта судна водазмяшчэннем каля 42 тысяч тон было першым у свеце караблём, прызначаным выключна для перавозкі ўдарных беспілотнікаў, а таксама магло несці ракеты, верталёты і нават невялікія караблі. Паводле дадзеных Цэнтральнага камандавання ЗС ЗША (CENTCOM), патапленне адбылося ў Пэрсідскім заліве неўзабаве пасля пачатку ваеннай аперацыі супраць Ірана 28 лютага.

Для параўнання: водазмяшчэнне патопленага ў 1941 годзе нямецкага лінкора «Бісмарк» перавышала 50 тысяч тон, а былы флагман Чарнаморскага флоту РФ — ракетны крэйсер «Масква», што затануў у Чорным моры ў красавіку 2022 года пасля ўкраінскай атакі, меў водазмяшчэнне ўсяго 11,5 тысячы тон, піша DW.

Усяго з пачатку аперацыі амерыканскія войскі патапілі або пашкодзілі больш за 20 караблёў іранскіх ВМС, паведамілі ў CENTCOM, апублікаваўшы фатаздымкі ўдараў. Раней кіраўнік Пентагона Піт Хэгсет заявіў пра тарпедаванне іранскага судна ў міжнародных водах Індыйскага акіяна, а камандуючы CENTCOM адмірал Брэд Купер адзначыў, што іранскага флоту больш няма ў Пэрсідскім і Аманскім залівах і Армузскім праліве.

Тым часам прадстаўнік ВМС Ірана Махамад Акбарзадэ заявіў, што краіна поўнасцю кантралюе Армузскі праліў — ключавы маршрут для транспартавання нафты і газу, і любыя судны, якія спрабуюць прайсці праз яго, рызыкуюць быць атакаваныя.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, у сваю чаргу, напярэдадні паведаміў, што амерыканскія ВМС гатовыя суправаджаць танкеры, якія праходзяць праз Армузскі праліў. Ён таксама даручыў Карпарацыі фінансавання развіцця ЗША пачаць страхаванне палітычных рызык для ўсяго марскога гандлю ў Пэрсідскім заліве.

Апошнія навіны