У Мінску ствараюць базу ўсіх хатніх жывёл
- 5.03.2026, 11:21
Спачатку рэсурс будзе даступны толькі для ветэрынарных урачоў.
У Мінску хочуць стварыць інфармацыйную базу ўсіх хатніх жывёл, піша БелТА.
Так, Мінгарветстанцыя плануе на працягу бліжэйшых гадоў распрацаваць інфармбазу, дзе зарэгіструюць усіх хатніх жывёл і жывёл-кампанёнаў. У базу ўнясуць звесткі пра нараджэнне жывёлы, вакцынацыі і іншыя ветэрынарныя маніпуляцыі, пра ўладальніка і пра чыпіраванне (калі яно было зроблена).
- Таксама ў базу будуць уносіць падказкі для ветэрынарных урачоў, якія будуць весці прыём, - распавёў начальнік Мінскай гарадской ветэрынарнай станцыі Дзмітрый Шалойка.
Спачатку рэсурс будзе даступны толькі для ветэрынарных урачоў, але ў планах на будучыню адкрыць доступ і для ўладальнікаў жывёл, каб яны маглі паглядзець вынікі аналізаў, даныя пра апошнія вакцынацыі і г.д. Пры паспяховай рэалізацыі праекта досвед Мінска могуць маштабаваць на ўсю краіну.