«Лукашэнка трымаецца на адным цвіку»
- 5.03.2026, 12:33
Дыктатар занадта доўга адбудоўваў сістэму пад сябе.
Палітолаг Аляксандр Класкоўскі у артыкуле для выдання «Позірк» параўнаў іранскую тыранію з дыктатурай, створанай Лукашэнкам:
— Яе архітэктар доўга адбудоўваў сістэму пад сябе, сканцэнтраваў у сваіх руках усе больш-менш значныя функцыі. Іншыя структуры ўлады кволыя. Няма сапраўднага палітычнага класа, кіроўнай эліты (памятаеце крылатую фразу Лукашэнкі: у краіне павінен быць адзін палітык?).
Ідэалогія? Пустышка ў абгортцы лаяльнасці правадыру. Ідэолагі на заробку ганяюць туфту, у якую самі не вераць.
А фанатыкамі можна назваць хіба што лічаных персанажаў з дзяржаўнай прапаганды (большасць там таксама толькі цынічна касіць грошы). Вось ім Лукашэнка цяпер даў адмашку мочыць амерыканскі імперыялізм. Ды і сам, як бачым, вырашыў асцярожна выявіць салідарнасць з Тэгеранам.
Гэтыя актыўнасці разлічаныя на Маскву і на праўладную частку ўнутранай аўдыторыі. Рызыкі раззлаваць праіранскай рыторыкай Трампа невялікія: ён напэўна не глядзіць БТ і не чытае «саўбелку».
А людзі з яго каманды, якія працуюць па беларускім напрамку, наўрад ці зацікаўленыя даносіць шэфу кампрамат на балотнага аўтакрата. Джону Коулу і іншым дыпламатам важна дасягнуць пастаўленай мэты — вызваліць тысячу з лішнім палітвязняў.
Небяспека ж для Лукашэнкі значна больш верагодная з процілеглага боку.
Ён выбудаваў сістэму, якая, у адрозненне ад іранскай, трымаецца на адным цвіку — на ягонай уласнай персоне.