BE RU EN

БЧ засакрэціла праблемы з цягнікамі «Штадлер» і PESA

  • 5.03.2026, 16:35

Працаўнікі абураныя новымі правіламі.

Пасля шэрагу праблем з электрацягнікамі «Штадлер» і дызель-цягнікамі Pesa Беларуская чыгунка вырашыла засакрэціць любую інфармацыю пра іх. Супрацоўнікаў абавязалі падпісаць пісьмовае абавязацельства аб неразгалошванні.

«У дадзеным выпадку чыгуначнікі, якія маюць хоць якое-небудзь дачыненне да згаданага маторавагоннага рухомага саставу, у прымусовым парадку пісьмова пакляліся не разгалошваць інфармацыю пра яго стан і прычыны няспраўнасцяў, што мелі месца», — паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Паводле слоў работнікаў галіны, патрабаванні даходзяць да абсурду: супрацоўнікам БЧ фактычна забараняюць абмяркоўваць або нават узгадваць у размовах з роднымі і блізкімі сваю прафесійную дзейнасць і звязаныя з ёй пытанні.

Гэтай зімой спачатку выходзілі з ладу польскія дызель-цягнікі Pesa, а потым — швейцарскія сямівагонныя электрацягнікі «Штадлер». Нават праведзены рамонт не заўсёды дапамагаў: цягнікі «Штадлер» усё адно прыбывалі з апазненнем на гадзіну—паўтары.

Прычынай няспраўнасцяў у Супольнасці чыгуначнікаў называюць недахоп якасных запасных частак і расходных матэрыялаў, які ўзнік у выніку міжнародных санкцый.

Апошнія навіны