Пракуратура Польшчы прызначыла дадатковую экспертызу па справе аб смерці Нікіты Мелкозёрава
- 6.03.2026, 16:29
Каб вызначыць канчатковую прычыну смерці.
Удава Нікіты Мелкозёрава Ліна Цапова паведаміла, што пракуратура Польшчы працягвае расследаванне справы аб смерці беларускага блогера.
«Каб вызначыць канчатковую прычыну смерці, яго біялагічныя матэрыялы накіравалі на дадатковыя экспертызы. Плануецца, што працэс зойме ад чатырох да васьмі месяцаў», — напісала Ліна ў сацыяльных сетках.
Яна папрасіла не спекуляваць на гэтай тэме, бо сям'і балюча пасля смерці Нікіты.
Вядучага папулярнага YouTube-канала «Жыццё-маліна» Нікіты Мелкозёрава раптоўна не стала ў 37 гадоў. Ён памёр уначы з 20 на 21 снежня.
У Акруговай пракуратуры Варшавы паведамілі, што ўскрыццё не выявіла прыкмет, якія маглі б сведчыць пра тое, што журналіст памёр у выніку траўмы, аднак медыкі выявілі змены, якія сталі вынікам хранічнага захворвання.