Кіеў заявіў пра «расійскі почырк» у выкраданні ўкраінскіх інкасатараў у Венгрыі
- 6.03.2026, 20:29
Голас Масквы з Будапешта гучыць усё гучней.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў пра «расійскі почырк венгерскіх правакацый» у кантэксце выкрадання ў Будапешце ўкраінскіх інкасатараў з наяўнымі грашыма і золатам.
Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда».
Як адзначыў украінскі міністр, сітуацыя з захопам венгерскім бокам украінскіх інкасатараў «перайшла ўсе межы».
«Такія дзеянні не маюць нічога агульнага ні з правам, ні з партнёрствам. Гэта адкрыты сілавы ціск на грамадзян Украіны», — падкрэсліў Сыбіга.
Ён таксама расказаў пра меры, прынятыя ўкраінскім бокам у сувязі з тым, што адбылося.
«Яшчэ ўначы мы неадкладна надалі гэтай сітуацыі шырокую агалоску. У гэты ж позні час была накіраваная афіцыйная нота венгерскаму боку з патрабаваннем неадкладна вызваліць грамадзянаў Украіны і спыніць самавольства. З самай раніцы ў Міністэрства замежных спраў Украіны быў выкліканы в.а. часовага паверанага ў справах Венгрыі ва Украіне», — адзначыў Сыбіга.
Ён падкрэсліў, што Украіна патрабуе «неадкладных тлумачэнняў, доступу консулаў і вызвалення сваіх грамадзян».
Сыбіга таксама паведаміў пра каардынацыйную нараду ў МЗС з удзелам усіх адказных структурных падраздзяленняў.
Міністр таксама звязаў гэтую сітуацыю з набліжэннем парламенцкіх выбараў у Венгрыі, бо «ўкраінская тэма ўсё часцей выкарыстоўваецца там як інструмент унутранай палітыкі».
«Мы гэта ўжо не раз бачылі. Але гэтым разам сітуацыя перайшла небяспечную мяжу. У пазіцыях Будапешта ўсё часцей чутная не еўрапейская логіка, а знаёмыя маскоўскія інтанацыі. Голас Масквы з венгерскага крэсла гучыць усё гучней. Гэта павінны ўсведамляць усе ў Еўропе — ад Бруселя да кожнай сталіцы», — падкрэсліў ён.
Сыбіга запэўніў, што Украіна будзе абараняць сваіх грамадзян і «не дазволіць выкарыстоўваць іх як інструмент палітычных маніпуляцый».
«Мы не дазволім размаўляць з намі мовай ультыматумаў, шантажу або пагроз. Украіна — не тая краіна, з якой можна так размаўляць. Я перакананы, што гэту гісторыю нам удасца вырашыць і вярнуць нашых грамадзян, але тое, што адбылося, не будзе замоўчана і не застанецца без рэакцыі, у прыватнасці прававой, санкцыйнай і міжнародна-прававой», — рэзюмаваў кіраўнік МЗС.