Канада і ЗША аднавілі гандлёвыя перамовы
- 7.03.2026, 2:33
Пасля амаль паўгадавога перапынку.
Канада і Злучаныя Штаты ўпершыню з кастрычніка 2025 года аднавілі гандлёвыя перамовы, прыпыненыя паводле рашэння прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Пра гэта паведамляе CBC.
6 сакавіка перамоўшчык з боку Канады, міністр Дамінік Леблан, сустрэўся ў Вашынгтоне з амерыканскім гандлёвым прадстаўніком Джэймісанам Грірам.
Пасля завяршэння сустрэчы Леблан устрымаўся ад каментарыяў для СМІ.
ЗША працягваюць спаганяць «каральныя» тарыфы Трампа з канадскай сталі, алюмінію, машынабудаўнічай прадукцыі і многіх іншых катэгорый тавараў. Паколькі надышоў час і для перамоў аб абнаўленні гандлёвага пагаднення паміж Канадай, ЗША і Мексікай (CUSMA), Канада плануе ў межах гэтых перамоў паспрабаваць пазбавіцца ад тарыфаў супраць найбольш важных для яе сфер эканомікі.
Гэта дае ЗША дадатковыя «рычагі», каб таргавацца за жаданыя ім змены — напрыклад, адносна доступу на рынак малочнай прадукцыі ў Канадзе і прымянення правілаў, якія абавязваюць амерыканскія стрымінгавыя платформы прапаноўваць канадскі кантэнт.
Застаецца пагроза, што ЗША захочуць увогуле «пахаваць» пагадненне CUSMA і ператварыць яго ў асобныя гандлёвыя пагадненні з Канадай і Мексікай, што зробіць Канаду яшчэ больш уразлівай да тарыфнага ціску Трампа.