Reuters: Ізраіль падтрымлівае жаданне курдаў захапіць прыгранічныя гарады Ірана
- 7.03.2026, 15:36
Трамп назваў гэты план «выдатным».
Ізраіль падтрымлівае планы курдаў па захопе прыгранічных гарадоў Ірана. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на інсайдэрскую інфармацыю.
Паводле даных Reuters, Ізраіль цяпер вядзе перамовы з курдскімі ўзброенымі групоўкамі, якія знаходзяцца на заходняй мяжы Ірана.
Ізраільцяне хочуць дапамагчы іранскім курдам захапіць прыгранічныя гарады Ірана ў межах ваеннай аперацыі супраць Тэгерана, якая пачалася 28 лютага 2026 года. На якой стадыі знаходзяцца перамовы, не ўдакладняецца.
Ізраіль лічыць, што курды могуць дапамагчы ў звяржэнні рэжыму аятол. Менавіта таму Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) цяпер наносіць паветраныя ўдары па ваенных аб'ектах у заходнім Іране.
Магчымасць уступлення ў вайну супраць Ірана курдскіх атрадаў апалчэння абмяркоўваецца ўжо некалькі дзён пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што гэта было б добра. Паводле слоў Трампа, было б «выдатна», калі б курды ўступілі ў вайну супраць іранскай арміі.
У СМІ нават з'явіліся паведамленні пра тое, што іракскія курды перасеклі мяжу з Іранам і занялі некаторыя прыгранічныя раёны. Спасылаліся на заяву прадстаўніка Кааліцыі палітычных сіл іранскага Курдыстана. Але курды хутка абверглі гэтую інфармацыю.