BE RU EN

Венгерская апазіцыя заявіла, што Орбан звяртаецца па дапамогу да расійскіх агентаў

  • 7.03.2026, 18:28

Пэтэр Мадзьяр запатрабаваў неадкладна склікаць Камітэт нацыянальнай бяспекі.

Лідар венгерскай апазіцыйнай партыі «Ціса» Пэтэр Мадзьяр заявіў, што дзеючы прэм'ер-міністр Віктар Орбан выкарыстоўвае агентаў Расійскай ваеннай разведкі (ГРУ), каб паўплываць на красавіцкія выбары.

Пра гэта Мадзьяр напісаў у «Фэйсбуку» у суботу, 7 сакавіка.

«З часоў Яноша Кадара (дзеяча сацыялістычнай Венгрыі, стаўленіка СССР — рэд.) Віктар Орбан першым запрасіў расіян у нашу краіну», — гаворыцца ў публікацыі Мадзьяра.

Апазіцыянер адзначае, што расійскія агенты «ужо тыднямі прыбываюць у Будапешт з мэтай і місіяй паўплываць на вынік венгерскіх выбараў». Таксама Расія спрабавала дзейнічаць у Малдове падчас парламенцкіх выбараў у верасні 2025 года, нагадаў Мадзьяр.

Ён запатрабаваў неадкладна склікаць Камітэт нацыянальнай бяспекі. Сёлета Венгрыя адзначае сямідзесятую гадавіну падзей 1956 года, нагадаў Пэтэр Мадзьяр і падкрэсліў: «Венгерскі народ не будзе сядзець склаўшы рукі, калі Віктар Орбан заклікае расіян супраць нас».

«Венгрыі патрэбна кіраўніцтва, якое не падвяргае нашу краіну ніякай пагрозе з усходу, незалежна ад таго, ці зыходзіць яна ад Пуціна ці Зяленскага», — падсумаваў Пэтэр Мадзьяр.

Апошнія навіны