Мінчанін падарыў знаёмай чужы букет
- 7.03.2026, 21:35
І атрымаў крымінальную справу.
У Мінску мужчына вырашыў падарыць знаёмай букет кветак, які заўважыў у гардэробе аднаго з бараў. Аднак такі «падарунак» абярнуўся для яго крымінальнай справай.
У Маскоўскае РУУС сталіцы звярнулася сямейная пара. Яны расказалі, што пасля святкавання дня нараджэння ў забаўляльнай установе знік букет коштам каля 150 рублёў.
Паводле слоў імянінніцы, у гардэробе яна пакінула тры падораныя букеты. Калі кампанія збіралася сыходзіць, аднаго з іх ужо не было.
Супрацоўнікі міліцыі высветлілі, што кветкі забраў 38-гадовы жыхар Віцебскай вобласці. У той вечар ён адпачываў у бары разам з сябрамі. Пакідаючы ўстанову, мужчына заўважыў пакінутыя ў гардэробе букеты, выбраў самы прыгожы і забраў яго.
Пазней ён падарыў гэты букет сваёй знаёмай.
У дачыненні да мужчыны ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле аб крадзяжы.
Праваахоўнікі нагадваюць, што маёмасць, часова пакінутая без нагляду — напрыклад, забытая або згубленая, — усё роўна лічыцца такой, што знаходзіцца ва ўладанні ўласніка. Прысваенне такіх рэчаў можа кваліфікавацца як крадзеж.