BE RU EN

Навукоўцы разгадалі феномен яснавідчай бабы Вангі

  • 8.03.2026, 17:21

Усё аказалася надзвычай проста.

З 1990-х на постсавецкай прасторы папулярныя прароцтвы Бабы Вангі — балгарскай яснавідзіцы, якая нібыта прадказала асноўныя сусветныя падзеі. Аднак цяпер яе імя выкарыстоўваецца для ўмацавання тэорыі змовы і пэўных геапалітычных тэзісаў, піша выданне The Guardian.

«Ці прадбачыла яна вайну паміж Ізраілем і Іранам, умяшанне ЗША, ракетныя ўдары і закрыццё паветранай прасторы?» — сцвярджаецца ў адной з публікацый. У больш раннім артыкуле абмяркоўваліся яе «прадказанні на 2026 год», якія нібыта ўключалі пачатак Трэцяй сусветнай вайны і першы кантакт чалавецтва з іншапланецянамі.

Сапраўднае імя Бабы Вангі — Вангелія Пандева Гуштэрава. Яна нарадзілася ў 1911 годзе на тэрыторыі тагачаснай Асманскай імперыі. Кажуць, што ў падлеткавым узросце яе падхапіў смерч і выкінуў у поле, што прывяло да паступовай страты зроку. Падчас Другой сусветнай вайны людзі пачалі прыходзіць да яе, каб даведацца, ці вернуцца іх блізкія з фронту. Да 1960-х гадоў яна прыцягвала натоўпы людзей у Петрычы, горадзе на паўднёвым захадзе Балгарыі, дзе яна жыла з мужам. Пазней да яе пачалі прыбываць наведвальнікі з Расіі, Румыніі, Грэцыі і іншых краін.

У апошнія гады жыцця яснавідзіцы яе паслядоўнікі стварылі Фонд Бабы Вангі, які базуецца ў Балгарыі. Яго супрацоўнік Іван Драмаў адзначыў, што выказванні Вангі часта былі скіраваныя выключна на жыццё тых, хто прыходзіў да яе, а таксама на іх сваякоў. «Яна раіла людзям, да якога ўрача звярнуцца, якія дзеянні прадпрыняць, але не больш за тое», — адзначыў Драмаў. «Ванга займалася галоўным чынам праблемамі здароўя людзей, а не будучымі катаклізмамі ў свеце», — дадаў ён.

Аднак цяпер «прароцтвы» Вангі тыражуюцца ў TikTok, YouTube і ў шэрагу выданняў — ад брытанскіх таблоідаў да дзяржаўных СМІ Албаніі. Напрыклад, даследчыкі, што вывучылі 36 выданняў гэтай краіны за 2024 год, знайшлі там прынамсі дзюжыню артыкулаў (большасць з іх са спасылкай на расійскія СМІ), у якіх прадказанні Вангі «часта выкарыстоўваліся канспіралагічнымі і дэзінфармацыйнымі медыя для ўзмацнення пэўных наратываў супраць НАТА і ЕС».

У гэтым няма нічога дзіўнага. Даследчыкі з Тэхаскага ўніверсітэта ў Остыне ў 2024 годзе адзначылі, што балгарка стала «адным з самых прыкметных праваднікоў «праўды» ў расійскім уяўленні ХХ і ХХІ стагоддзяў». Яе след у рускай культуры быў настолькі вялікі, што яна натхніла на стварэнне дзеяслова «вангаваць» (прадказваць).

Насамрэч балгарка наўрад ці казала нешта істотнае пра Расію, лічыць Вікторыя Вітанова-Кербер, навуковая супрацоўніца кафедры глабальнага хрысціянства Універсітэта Фрыбура. Замест гэтага многія прадказанні, прыпісаныя Ванзе, — ад распаду Савецкага Саюза да бачанняў слаўнай будучыні Расіі — можна прасачыць да расійскага пісьменніка Валянціна Сідарава, які сцвярджаў, што сустракаўся з Вангай у 1970-х гадах.

«Аднак запісаў гэтых сустрэч не існуе, што дазволіла Сідараву вольна інтэрпрэтаваць або, магчыма, нават сканструяваць тое, што Ванга казала або не казала пра Расію», — сказала Вітанова-Кербер. «Некаторыя з яго твораў пачатку 1990-х гадоў дапускаюць, што Ванга прадказала будучае першынство Расіі над ЗША — наратыў, які добра ўспрымаецца і ў сённяшняй Расіі», — дадае яна. Насамрэч Вангу ніхто ўвогуле не запісваў пры жыцці, а сама яснавідзіца не пакінула ніякіх пісьмовых сведчанняў, — кажа Жэні Кастадзінава, балгарская аўтарка, чые кнігі пра Вангу перакладзены на некалькі моў.

Як адзначае Вітанова-Кербер, расійскія ж «эксперты» «перабольшвалі, дапаўнялі і пераасэнсоўвалі інфармацыю да таго часу, пакуль яна не пачынала адпавядаць дамінуючым наратывам сучаснай расійскай палітыкі ідэнтычнасці: нацыянальнай велічы, антызаходніцтву і захаванню «традыцыйных каштоўнасцяў» усходняга праваслаўя ў супрацьвагу ліберальным каштоўнасцям Захаду».

Апошнія навіны