BE RU EN

Нафтагазавыя даходы бюджэту РФ абрынуліся ўдвая

  • 8.03.2026, 16:53

Нізкія цэны на нафту і моцны рубель працягваюць з’ядаць сыравінную рэнту расійскага бюджэту.

У лютым нафтагазавыя кампаніі пералічылі ў федэральную казну 423,3 млрд рублёў — на 44% менш, чым годам раней, вынікае з даных Мінфіна. Двукроцнае падзенне сыравінных паступленняў урад фіксуе другі месяц запар, а ў сукупнасці за два месяцы яны аказаліся на 47% ніжэй за леташнія — 826 млрд рублёў супраць 1,56 трлн, перадае The Moscow Times.

Зборы ключавога падатку на здабычу карысных выкапняў (НДПІ) у лютым апынуліся нават меншыя за студзеньскія — 437,7 млрд рублёў супраць 440,3 млрд, хоць сярэдняя цана расійскай нафты Urals крыху падрасла — з $41 да $45 за барэль. Відаць, гэта вынік скарачэння здабычы, адзначае эканаміст Сяргей Аляксашэнка: яшчэ ў канцы мінулага года нафтавікі пачалі скарачаць вытворчасць з-за праблем з продажамі ў Індыю.

У выніку: дэфіцыт федэральнага бюджэту ў лютым мог скласці каля 1,5 трлн рублёў, а за два месяцы — 3,2 трлн, што блізка да плана на ўвесь год (3,8 трлн рублёў), ацэньваюць аналітыкі Альфа-банка.

«Усе надзеі расійскага Мінфіна звернутыя ў бок Тэгерана», — піша Аляксашэнка. З-за вайны цана нафты Brent узляцела на 30% за тыдзень і перавышае $90 за барэль, а расійская марка Urals каштуе ўжо амаль $70. Калі Іран зможа працягваць супраціў і перакрыццё Армузскага праліва працягнецца хаця б тры месяцы, то расійскі бюджэт зможа на гэтым нядрэнна «падзарабіць», указвае Аляксашэнка.

У сакавіку нафтагазавыя даходы могуць павялічыцца да 800–900 млрд рублёў пры сярэдняй цане Urals $50–60, прагназуе Альфа-банк. Аднак агульная бюджэтная сітуацыя можа і не палепшыцца радыкальна, паколькі ўрад зноў актыўна траціць: за два месяцы выдаткі дасягнулі 19% гадавога плана, а даходы склалі ўсяго 15%.

«Тое, што цэны на расійскую нафту моцна падраслі ў выніку ўдараў па Іране і перакрыцця Армузскага праліва, ніяк не паўплывае на даходы сакавіка — гэта знойдзе сваё адлюстраванне ў даходах красавіка», — указвае Аляксашэнка. У гэтым месяцы, паводле яго ацэнак, бюджэт атрымае дадаткова толькі 45–50 млрд рублёў, а сумарна за першы квартал — 1,5 трлн, што на 42% ніжэй за леташнія ўзроўні.

З-за вайны ў Іране ЗША ўжо дазволілі індыйскім НПЗ аднавіць закупкі мільёнаў барэляў расійскай нафты, якая «завісла» на танкерах у моры пасля таго, як пад блакіруючыя амерыканскія санкцыі трапілі «Раснафта» і «Лукойл» — дзве кампаніі, якія забяспечваюць больш за палову здабычы і нафтаэкспарту Крамля. Расійская марка Urals, якая яшчэ некалькі месяцаў таму прадавалася ў індыйскіх партах з рэкорднымі зніжкамі, цяпер, наадварот, каштуе даражэй, чым гатунак Brent.

«(Уладзімір) Пуцін і яго дарадцы, верагодна, вырашылі, што вайна ў Іране служыць расійскім інтарэсам у кароткатэрміновай перспектыве», — разважае Роберт Персон, старшы навуковы супрацоўнік Foreign Policy Research Institute у Філадэльфіі. Акрамя росту цэн на нафту, Крамлю выгаднае адцягненне ўвагі ад вайны ва Украіне, якую ён не жадае спыняць, а таксама рызыка для ЗША ўвязнуць яшчэ ў адным «блізкаўсходнім балоце», пералічвае Персон.

Апошнія навіны