Трамп: Новы лідар Ірана «доўга не пратрымаецца» без адабрэння ЗША
- 8.03.2026, 21:04
У Іране вызначылі новага вярхоўнага лідара, але ягонае імя не назвалі.
ЗША павінны ўхваліць кандыдатуру новага вярхоўнага лідара Ірана перад яго абраннем, заявіў прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп. У адваротным выпадку новы лідар «доўга не пратрымаецца», дадаў амерыканскі прэзідэнт.
«Калі ён не атрымае нашага адабрэння, ён доўга не пратрымаецца. Я не хачу, каб людзям праз пяць гадоў давялося вярнуцца і зноў рабіць тое самае або, што яшчэ горш, дапусціць наяўнасць у іх (уладаў Ірана.— Заўв.) ядзернай зброі»,— сказаў Трамп у эфіры ABC News.
Дональд Трамп не выключыў, што можа ўхваліць на пасаду новага лідара Ірана чалавека, звязанага з дзейным рэжымам: «Я б пагадзіўся. Ёсць мноства людзей, якія маглі б падысці».
Вярхоўны лідар Ірана Алі Хаменеі быў забіты 28 лютага, у першы дзень сумеснай аперацыі ЗША і Ізраіля супраць ісламскай рэспублікі. 8 сакавіка Рада экспертаў Ірана паведаміла, што выбары новага лідара краіны адбыліся, і кандыдатура вызначана. Ягонае імя пакуль не раскрываецца.