BE RU EN

Беларускія тэнісісткі выйгралі турніры ITF у Егіпце і Тунісе

  • 8.03.2026, 21:33

Перамогі ў фіналах адсвяткавалі Юлія Гатоўка і Алена Фалей.

Беларускія тэнісісткі Алена Фалей і Юлія Гатоўка — пераможцы двух турніраў ITF; вырашальныя паядынкі адбыліся ў нядзелю, 8 сакавіка, перадае «Белсат».

У егіпецкім Шарм-эш-Шэйху ў фінале Юлія Гатоўка абыграла тэнісістку з Італіі Камілу Дзаноліні — 0:6, 6:2, 7:6 (12:10). Да гэтага беларуска перамагла францужанку Мары Вілле, літоўку Андрэ Лукошытэ, Дар'ю Зялінскую з РФ і егіпцянку Ясмін Эззат.

У туніскім Монастыры ў фінале спаборніцтваў тэнісістка Алена Фалей у трохсэтавым паядынку абыграла іспанку Эву Герэра Альварэс — 4:6, 6:2, 6:4. На шляху да медаля яна аказалася мацнейшай за італьянку Федэрыку Ургесі, егіпцянку Абдэль Альхусэйн і кітайку Лу Цзя-Цзін.

Таксама перамогу беларускія спартоўцы здабылі і ў Францыі — беларус Іван Лютарэвіч у пары з польскім тэнісістам Філіпам Печэнкам выйгралі другі запар турнір серыі ATP Challenger.

Паведамляецца, што ў фінале ў Тьёнвіле яны перамаглі на двух тай-брэйках брытанска-французскі тандэм Джошуа Пэрыс і Люка Санчэс — 7:6 (13:11), 7:6 (7:5). Тыдзень таму гэта ж пара выйграла спаборніцтвы ў Лілі.

Апошнія навіны