Двум каталіцкім святарам не працягнулі дазвол на служэнне ў Беларусі
- 8.03.2026, 22:06
Без пастыраў засталіся шэсць парафій у трох раёнах.
Беларусь вымушаныя пакінуць двое польскіх святароў, якія шмат гадоў служылі ў Брэсцкай вобласці. Як паведаміў праз дыяцэзіяльны сайт біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка у сваім звароце да вернікаў, Пінская дыяцэзія не атрымала ад дзяржаўных уладаў узгаднення на далейшае служэнне святароў. 8 сакавіка з імі развіталіся ў парафіях, піша Katolik.news.
Не атрымалі дазволу на далейшую працу ксёндз Адам Страчынскі, які на працягу 11 гадоў быў душпастырам у Івацэвічах, Косаве і Вольцы, і ксёндз Павел Кручэк, які 13 гадоў служыў у Іванаве, Драгічыне і Бездзежы. Такім чынам, адразу шэсць парафій у трох раёнах (Драгічынскім, Іванаўскім і Івацэвіцкім) засталіся без святароў.
Ардынарый Антоні Дзям’янка адзначыў, што ў такіх умовах дыяцэзіі вельмі складана забяспечыць усе парафіяльныя супольнасці рэгулярнай душпастырскай апекай.
«Сёння мы перажываем такі перыяд, калі не стае мясцовых душпастыраў. Молімся аб пакліканнях да святарскага служэння і падтрымліваем нашых семінарыстаў. Шматгадовы настаяцель з’язджае з вашых парафій не па сваёй волі. Гэта боль для ўсіх нас. Але мы — біскупы і святары — будзем дапамагаць і падтрымліваць вас», — звярнуўся іерарх да вернікаў шасці парафій, якія засталіся без пастыраў.
Генеральны вікарый дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска таксама выказаўся на гэтую тэму. На сваёй старонцы ў інстаграме ён распавёў, што падчас візіту ў Гомель падзяліўся перажываннямі, звязанымі з выездам з Пінскай дыяцэзіі двух святароў, якім не ўзгаднілі дазвол на рэлігійную дзейнасць:
«Прымусовы ад’езд ксяндза Паўла з Іванава і ксяндза Адама з Івацэвіч — вялікая бяда для нашай дыяцэзіі, бо асірацелі і засталіся без пастырскай апекі вернікі ажно трох раёнаў, і што рабіць далей — не ведаю… Толькі малітва супольнасці Касцёла суцяшае ў смутку і дадае надзеі».
У Пінскай дыяцэзіі з-за вострага недахопу святароў многія ксяндзы вымушаныя абслугоўваць адразу некалькі парафій у розных, часта аддаленых населеных пунктах.
Адмова ў дазволе на працяг служэння двум святарам адбылася на фоне актыўнага супрацоўніцтва кіраўніцтва дыяцэзіі з мясцовымі дзяржаўнымі ўладамі, удзелу духавенства ў праўладных мерапрыемствах, нават з нагоды «Дня народнага адзінства» 17 верасня — далучэння Заходняй Беларусі да БССР, што мела катастрафічныя наступствы для Каталіцкага Касцёла ў гэтым рэгіёне.