BE RU EN

Ірак скараціў здабычу нафты на 60%

  • 9.03.2026, 1:07

Скарачэнне адлюстроўвае нарастаючыя лагістычныя праблемы ў Пэрсідскім заліве.

Здабыча нафты ў Іраку скарацілася прыблізна на 60% праз тое, што вайна з Іранам, якая працягваецца, ускладняе доступ танкераў і фактычна блакуе экспарт праз Армузскі праліў. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.

Цяпер Ірак здабывае каля 1,7–1,8 млн барэляў у суткі, што істотна менш за прыкладна 4,3 млн барэляў у суткі да пачатку канфлікту.

Скарачэнне адлюстроўвае нарастаючыя лагістычныя праблемы ў Пэрсідскім заліве, дзе вайна рэзка абмежавала колькасць танкераў, здольных загружаць нафту. З прычыны меншай колькасці суднаў, даступных для транспартавання, рэгіянальныя вытворцы былі вымушаныя скарачаць здабычу па меры запаўнення сховішчаў.

Ірак стаў першым буйным вытворцам нафты ў Пэрсідскім заліве, які скараціў здабычу праз канфлікт. Пазней ААЭ і Кувейт пайшлі ягоным прыкладам, змяншыўшы ўласную здабычу, паколькі збоі распаўсюджваюцца на ўвесь рэгіён.

Канфлікт фактычна спыніў рух праз Армузскі праліў — адзін з ключавых сусветных маршрутаў пастаўкі энергарэсурсаў. Праз гэтую водную артэрыю праходзіць каля пятай часткі сусветнага экспарту нафты, што робіць любыя працяглыя збоі сур'ёзнай рызыкай для глабальных паставак энергарэсурсаў.

З-за абмежаванага доступу танкераў і абмежаваных экспартных маршрутаў нафтаздабыўныя краіны Пэрсідскага заліва закачваюць сырую нафту ў сховішчы, аднак наяўныя магутнасці хутка вычэрпваюцца.

Апошнія навіны