«Пачуўшы назву, Лукашэнка спахапіўся»
- 9.03.2026, 17:08
У правіцеля — вясновае абвастрэнне?
Сапраўдную пагрозу незалежнасці правіцель выявіў падчас наведвання «Мак.бай».
Усё, здавалася б, ішло добра, і спачатку нібыта нічога ў амерыканскай сетцы фастфуду (хоць і экспрапрыяванай) правіцелю ў вобласці суверэнітэту не муляла, піша «Салідарнасць».
Разабраўшыся велізарным нажом з гамбургерам (дзякуй, што толькі з ім) і паваляўшы на стале грамадскага харчавання шпіца Умку (ну а дзе яшчэ паляжаць сабачцы?), Лукашэнка накіраваўся да апарата з кавай.
І вось тут у гаранта раптам здарыўся востры прыступ ушчымлення нацыянальнай годнасці.
Дырэктарка сеткі Вікторыя Данько неасцярожна паспрабавала замовіць «амерыкана» для першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова. Пачуўшы назву, Лукашэнка спахапіўся:
— «Амерыкана» трэба перайменаваць у беларускі брэнд. У дужках пакуль пішы «амерыкана», а калі прывыкнуць, тады…»
Жарт гэта быў ці не, падаецца, ён і сам яшчэ не вырашыў. Відавочна, усё будзе залежаць ад выніку.
Увогуле тактыка працоўная. Спачатку з грозным тварам нясеш якуюсь лухту, а потым, калі ўсе пабеглі выконваць «жэстачайшае ўказанне» і прадказальна атрымалі на выхадзе дурніцу, заяўляеш, што нічога такога не казаў, а вакол чыноўнікі «без мазгоў» — ні жартаў не разумеюць, ні даручэнне выканаць не могуць.
Ёсць падазрэнне, што з «амерыкана» нас чакае тая ж гісторыя. Назвы ўжо можна накідваць: «беларусіяна», «дыктатурыяна», «дэбіліяна»… Тут як ні назаві — усім і так будзе зразумела, дзе сапраўдная пагроза беларускаму грамадству.
Ну, а ў цэлым перайменаваць «амерыкана», вядома, не складана. Складаней потым даказаць беларусам, што гэта не ты дурань, а чыноўнікі цябе не так зразумелі.