Рэжым пакутуе на шпіянаманію
- 9.03.2026, 11:20
Улады закручваюць гайкі радыёаматарам.
У пачатку сакавіка Савет Міністраў прыняў пастанову № 108 «Аб радыёчастотным спектры». Што гэта значыць і што гэта мяняе для радыёаматараў, якія цяпер апынуліся пад прыцэлам? «Белсат» спытаў вучонага, сертыфікаванага радыёаматара (EU1AEY) Сяргея Бесараба.
Верагоднай прычынай унясення змяненняў у заканадаўства магла стаць гісторыя «радыёшпіёнаў». Пра яе ў сярэдзіне студзеня распавядаў Раман Пратасевіч на дзяржаўным канале СТВ. Больш за 50 чалавек прыцягнулі да адказнасці за «праслухоўванне перамоваў» сілавікоў, а сямёрых пакінулі за кратамі і падазраюць у «шпіянажы» і «здрадзе дзяржаве». Да гэтага пра нібыта праслухоўванне вайсковых і грамадзянскіх пілотаў распавядалі ў КДБ.
«Улічваючы кантэкст «справы радыёаматараў», гэта «Зачыстка поля, этап 2»», — кажа адносна змяненняў у заканадаўстве Сяргей Бесараб.
Паводле яго, чыноўнікі сваёй пастановай не стварылі частотнай рэвалюцыі і не правялі перадзел сеткі. Але істотныя змены, якія закручваюць гайкі, ёсць.
«Падатак на „жалеза“»
Згодна з уведзенымі правіламі, фізасобы цяпер абавязаныя штогод плаціць за карыстанне палосамі радыёчастот аматарскай і аматарскай спадарожнікавай радыёслужбаў — за кожную прыладу, якой, умоўна, чалавек падключаецца да гэтых частот. Сума — 0,2 базавай велічыні, гэта значыць 9 рублёў (пры базавай — 45).
«Улады хочуць манетызаваць увесь парк апаратуры, цягнуць грошы адкуль могуць — ведаеце, з паршывай авечкі хоць кавалак воўны. Раней радыёаматары і так плацілі — за пазыўны, за карыстанне радыёчастотным спектрам, умоўна, за адну рацыю. Цяпер трэба за кожную. Гэта, нібыта, невялікая сума. Напрыклад, у мяне 5 рацый, за ўсе за год — 40 рублёў. За год не так шмат.
Але тут іншы момант — сам факт. Гэта ж пра нармалізацыю — людзей прывучаюць, што за ўсё трэба плаціць. Сёння гэта 0,2 «базавай», заўтра — 0,5, потым, як бы, цэлая «базавая», — адзначае вучоны.
«Радыёслужбы»
У пастанове прапісана, што цяпер паняцце «служба» змяняецца на «радыёслужба». Гэты, як можа падацца, малазначны пункт Бесараб таксама лічыць важным. На яго думку, улады спрабуюць падцягнуць беларускія нормы пад нормы расійскага «Саюза радыёаматараў Расіі» і зарэгламентаваць аматарскі занятак.
Суразмоўца лічыць, што гэта можа рабіцца для спрашчэння рэгулявання і кантролю.
«Гэты пункт з перайменаваннем нам намякае: вы ўжо не радыёаматары, а частка дзяржаўнай сістэмы размеркавання радыёчастот. Для шараговага аматара гэта азначае больш папер і меней свабоднага эфіру — неба ўжо «закрываецца» клеткай».
Усё трэба рэгістраваць — а атрымаецца?
Адно з ключавых змяненняў — улады прапісалі неабходнасць атрымліваць дазвол на валоданне радыёэлектроннымі сродкамі, а таксама парадак адмовы ў выдачы такіх дазволаў. Падставай можа стаць, напрыклад, несупадзенне тэхнічным рэгламентам Мытнага або Еўразійскага эканамічнага саюза.
«Цікавы ход: атрымліваецца, усё, што не адпавядае гэтаму, будзем шчырымі, даволі састарэлым рэгламенту МС, — нібыта не падлягае сертыфікацыі ў Беларусі. То-бок усе самыя прасунутыя, магутныя рацыі — яны ж не сертыфікаваныя пад рэгламент МС. Напрыклад, у мяне японская рацыя Yaesu, якая не прапісаная ў гэтым тэхрэгламенце, — і мне адмаўляюць. А расійскія — яны, як правіла, бутафорскія, „адвёртачны“ самы танны Кітай, не вытрымліваюць ніякай крытыкі і імі практычна ніхто не карыстаецца. Людзі купляюць правераныя брэнды, і цяпер іх зарэгістраваць будзе або складаней, або ўвогуле немагчыма».
За адсутнасць дазволу на абсталяванне чалавеку можа пагражаць «адміністратыўка» і штраф, адзначае Бесараб. Суразмоўца дапускае, што ў горшым выпадку ўсё можа абярнуцца палітычна матываваным крымінальным пераследам.
«Пасля „справы радыёаматараў“ мы разумеем, што гэта „шпіянаж“ і „здрада Радзіме“, вось і ўсё. І не трэба лішніх рухаў, — кажа Сяргей. — Атрымліваецца, трымаць дома рацыю амаль тое самае, што трымаць дома пісталет, нават калі ў ім няма патронаў. Да чалавека прыходзяць, знаходзяць рацыю — і ўсё, можна «караць». Па сутнасці, гэта юрыдычная легалізацыя кантролю за супольнасцю».
Кранае ўсіх, акрамя сілавікоў
Паказальны момант у новым дакуменце — што яго патрабаванні не распаўсюджваюцца на МУС, Міністэрства абароны, Міністэрства транспарту і камунікацый (у частцы РЭС і (або) ВЧУ, якія забяспечваюць бяспеку палётаў і авіяцыйную бяспеку), МНС, КДБ, Дзяржпагранкамітэт, ДФР, СК, Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, мытныя органы. У гэтым спісе таксама Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Беларусі і Служба бяспекі Лукашэнкі.
«Яны могуць не ўзгадняць частоты, ствараць перашкоды, выкарыстоўваць любое абсалютна бруднае абсталяванне. Ніякіх ім сертыфікатаў не трэба — фактычна гэта такая легалізацыя дзяржаўнага радыёхуліганства, — лічыць Бесараб. — Нам, радыёаматарам, намякаюць: у беларускім эфіры ёсць вы, планктон, — пыл пад нагамі майора, а сілавікі цяпер — каралі эфіру, якія робяць, што хочуць».
Важна, што, калі чалавек проста пасіўна слухае нейкую частату і нічога не перадае, адсачыць яго дзеянні немагчыма. Але эксперт нагадвае: пры затрыманні фігурантаў гучнай справы не праводзіліся іх білінгі.
«Яны нікога не лавілі, не пеленгавалі, не праводзілі нейкіх мерапрыемстваў, дзе патрабуецца высокі тэхнічны ўзровень, — проста правялі зачыстку тых, хто быў зарэгістраваны афіцыйна. Хто сам прынёс усе дакументы. Таму, па сутнасці, людзі цяпер паміж молатам і кавадлам: з аднаго боку, ты ведаеш, што добраахвотная рэгістрацыя — гэта патэнцыйна добраахвотная пятля за хобі, а з другога — без добраахвотнай рэгістрацыі ўжо і немагчыма, па вялікім рахунку, ім займацца».
«Бонусы»
У дакуменце таксама прапісана, што цяпер для атрымання сотавага ідэнтыфікатара абавязкова патрэбны дакумент з прапіскай. Ці азначае гэта, што цяпер пры куплі новай SIM-карты, акрамя пашпарта, запатрабуюць яшчэ і прапіску ў ім?
«Так, будуць выпісваць яшчэ звесткі пра месца жыхарства, — адказвае эксперт.
«Таксама напісана, што ўводзіцца абавязковы запіс усіх зваротаў у даведачную службу, тэхпадтрымку. Нібыта, нічога дзіўнага: банкі ж запісваюць. Але, з другога боку, хто яго ведае, што можна падвесці пад максімальна размытыя фармулёўкі гэтага палажэння, да якіх можна прычапіцца? Плюс, змяненне з СМС-шлюзамі: цяпер цалкам забароненая поўнасцю аўтаматычная адпраўка СМС. Значыць, і далей будуць праблемы, якія з’явіліся раней з атрымліваннем гэтых паведамленняў для рэгістрацыі ў розных сэрвісах. Бо цяпер улады афіцыйна прапісалі кантроль над шлюзамі. Па сутнасці, можна адключаць усе варыянты рэгістрацыі ўваходу з адпраўкай кода ўваходу і забыць пра мэсанджары, якія выкарыстоўваюць такі варыянт верыфікацыі».
Гэта не крытычна, але як мінімум ускладняе жыццё беларусам. Яшчэ адзін момант, які працуе ў гэтым кірунку, — згадванне электрамагнітнай сумяшчальнасці.
«Гэта значыць, што калі каля дома пабудавалі нейкую новую вежу — не важна, грамадзянскую, сотавую або спецсувязі — а ты прыйшоў падаўжаць тваё дазвол, табе могуць проста адмовіць, таму што ты ствараеш нейкую тэарэтычную перашкоду для гэтай жалезкі», — мяркуе суразмоўца.
Навошта ўвогуле спатрэбіліся гэтыя змены
Сюжэтам на СТВ прапаганда, па сутнасці, паказала, што сур’ёзныя структуры, кшталту Службы бяспекі Лукашэнкі, маглі праслухоўваць нават аматары. Цяпер жа яна спрабуе «загнаць джына ў бутэльку», лічыць суразмоўца.
«Разумееце, як цікава складаецца карціна з гэтымі радыёаматарамі? Яны паказалі, што ўсё гэта хвалёнае беларускае імпартазамяшчэнне, усе аповеды пра тэхналогіі аказаліся абсалютна дзіравымі. Сілавікі карысталіся нейкімі кітайскімі рацыямі, як таксісты, і іх перамовы мог перахапіць ледзь не дзіця. Таму цяпер усё падганяецца пад мадэль, каб ты не мог мець абсталяванне, якім можаш паказаць, што кароль — голы», — тлумачыць вучоны.
З аднаго боку, калі ты сілавік, можаш карыстацца чым заўгодна — прымітыўнымі, нешыфраванымі, таннымі, нават самаробнымі прыладамі. А з другога — грамадзянская супольнасць заціскаецца, каб поўнасцю абмежаваць доступ да абсталявання, якое якраз-такі магло б якраз і паказаць, як працуюць гэтыя структуры».
Дрэнныя навіны ў тым, дадае Сяргей Бесараб, што радыёаматарам супрацьпаставіць новым правілам няма чаго і «абароніцца» ад іх яны не могуць.
«Гэта нармалізацыя таго, што Пратасевіч паказаў у сваім рэпартажы, — яны проста падвялі пад гэта нарматыўную базу. Хоць і плаўненька — можа, спалохаліся прыцягнуць да сябе ўвагу сусветнай грамадскасці. Тут, ведаеце, як: калі кінуць жабу ў кіпень, яна выскоквае, а калі патроху павышаць тэмпературу, жаба зварацца — і нашы ўлады робяць менавіта так».