У роліку з задыхаючымся Пуціным ёсць некалькі цікавых дэталяў
- 9.03.2026, 12:29
Прэс-служба Крэмля забылася выдаліць метаданыя.
Відэа да 8 сакавіка з кашляючым і задыхаючымся Пуціным запісалі за тры гадзіны да таго, як Крэмль памылкова яго апублікаваў. З роліка ўпершыню за паўтара года забыліся выдаліць метаданыя
Уначы на 8 сакавіка Крэмль апублікаваў відэавіншаванне Пуціна з Міжнародным жаночым днём. Аднак ролік апынуўся неадрэдагаваны, і на працягу некалькіх хвілін на ім Пуцін кашляе. «Можем объяснить» даследавалі яго метаданыя.
Відэа было апублікавана ў канале Крэмля ў Тэлеграме і цягнулася каля шасці хвілін. Пасля першага дубля Пуцін пачаў кашляць і скардзіцца на першанне ў горле, пасля чаго папрасіў перазапісаць віншаванне.
Акрамя Крэмля, неадрэдагаванае відэа было апублікавана ў некалькіх праўладных каналах (напрыклад, «Вы слушали маяк»). Але пазней яго замянілі, выклаўшы скарочаную версію віншавання.
Як звярнула ўвагу «МО», супрацоўнікі прэс-службы Крэмля яшчэ і забыліся выдаліць метаданыя з тэхнічнай версіі файла (яны гэта робяць апошнія паўтара года). З тэхнічных звестак вынікае, што відэа з кашляючым Пуціным было запісана за тры гадзіны да яго публікацыі.
Пуцін рэгулярна кашляе, аднак падчас прамой лініі ў 2024 годзе ён тлумачыў гэта працай кандыцыянераў. «Кандыцыянеры шуруюць», — казаў гаспадар Крэмля, злёгку закашляўшыся падчас адказу на пытанне прапагандыста КП Аляксандра Гамава.