У Мар’інай Горцы прадаюць «замак» з барам і гульнявымі аўтаматамі
- 9.03.2026, 12:56
Яго зноў выставілі на аўкцыён.
На аўкцыён чарговы раз трапіў «замак» з Мар’інай Горкі, унутры якога былі бар і зала з гульнявымі аўтаматамі. На гэты раз цана лота знізілася на 83 тысячы долараў.
Будынак знаходзіцца ў Мар’інай Горцы на вуліцы Будзёнага, 1. Раней ён належаў прадпрыемству «Пухавіцкі аграпрадукт», паводле матэрыялу Blizko.by.
Агульная плошча збудаванняў — 615 квадратных метраў. У тым ліку адміністрацыйнае памяшканне з барам (488 квадратных метраў) і зала гульнявых аўтаматаў з адміністрацыйна-складскімі памяшканнямі (127 квадратных метраў).
На першым паверсе, акрамя холу, санвузлоў і сямі пакояў, ёсць асобны ўваход з вуліцы. На другім паверсе захавалася планіроўка з кухняй, баром і двума банкетнымі заламі. Трэці паверх аддадзены пад адміністрацыйныя кабінеты, невялікі бар, тры салоны і танцавальную залу з балконам. Чацвёрты паверх цалкам заняты адміністрацыйнымі памяшканнямі. Санвузлы аздобленыя пліткай.
Адзін з двух аб’ектаў у складзе лота — памяшканне пад залу гульнявых аўтаматаў — цяпер перададзены ў арэнду да 31 снежня 2026 года.
Стартавая цана лота — 417 тысяч долараў. Аўкцыён стартуе 7 красавіка а 11:00. Крок таргоў — 5% ад бягучай цаны. Для ўдзелу неабходна ўнесці задатак у памеры 41,7 тысячы долараў і падаць заяўку да 17:00 6 красавіка.