У Беларусі змянілі правілы тэхагляду для некаторых кіроўцаў
- 9.03.2026, 13:06
Для каго менавіта?
Урад Беларусі змяніў правілы для ўласнікаў колавых трактароў, прычэпаў да іх і самаходных машын. Пастанову Савета Міністраў падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Дакумент павінен спрасціць адміністрацыйныя працэдуры і знізіць бюракратычны цягар для грамадзян і бізнесу.
Змены закранаюць рэгістрацыю тэхнікі, праходжанне тэхагляду, атрыманне пасведчання трактарыста-машыніста, а таксама патрабаванні да самаробных машын.
Пастанова абнаўляе правілы дзяржаўнай рэгістрацыі і ўліку колавых трактароў, прычэпаў і самаходных машын.
Цяпер не патрабуецца частка дакументаў, якія раней трэба было падаваць пры рэгістрацыі. Гэта звязана з тым, што патрэбныя звесткі ўжо змяшчаюцца ў пашпарце самаходнай машыны і іншай тэхнікі.
Таксама ў правілах асобна прапісалі парадак агляду тэхнікі — адпаведныя нормы вынеслі ў асобны раздзел, каб пазбегнуць паўтораў.
Акрамя таго, з’явіўся новы раздзел пра выпадкі, калі ўпаўнаважаны орган можа адмовіць у рэгістрацыі. Ён устанаўлівае дакладны парадак дзеянняў, калі заява на рэгістрацыю ці іншую працэдуру не прымаецца.
Урад таксама скарэктаваў правілы правядзення дзяржаўнага тэхнічнага агляду трактароў, прычэпаў і самаходных машын.
Адменены ранейшы механізм, калі тэхніку маглі аглядаць іншыя ўпаўнаважаныя органы па месцы яе знаходжання па-за адміністрацыйнай працэдурай — з простай службовай адзнакай у заяве.
Пры гэтым пашыраны магчымасці рэгістрацыі тэхнікі на падставе акта агляду. Мяркуецца, што гэта дазволіць дакладна рэгламентаваць дзеянні дзяржаўных органаў і праводзіць працэдуры ў ўстаноўленыя тэрміны.
Акрамя таго, нормы дапоўнілі палажэннямі аб лічбавізацыі. Інфармацыя пра праходжанне тэхагляду стане даступнай іншым дзяржаўным органам.
Пастанова таксама абнаўляе парадак выдачы і абмену пасведчанняў трактарыста-машыніста.
У дакуменце з’явіліся нормы аб легалізацыі копіі пасведчання, выдадзенага ў іншай краіне, калі яго выкарыстоўваюць для адміністрацыйных працэдур у Беларусі.
Змены закранулі і машыны, створаныя ў выніку індывідуальнай творчасці, то-бок самаробную тэхніку.
Урад удакладніў патрабаванні да іх канструкцыі, калі такая тэхніка ўдзельнічае ў дарожным руху. Таксама абноўлены парадак пацвярджэння адпаведнасці гэтых машын устаноўленым патрабаванням.