Два самалёты расійскіх авіякампаній зламаліся ў паветры
- 9.03.2026, 14:44
На працягу сутак.
Самалёт Sukhoi Superjet 100 расійскай авіякампаніі Red Wings, які выконваў рэйс з Казані ў Екацярынбург, вярнуўся ў аэрапорт адпраўлення з-за няспраўнасці. Перавозчык паведаміў, што прычынай сталі праблемы з шасі. На борце лайнера знаходзіліся 85 пасажыраў. Пры пасадцы ніхто не пацярпеў. Red Wings паабяцала прадаставіць рэзервны самалёт. З даных табло аэрапорта «Кольцова» вынікае, што рэйс аб'ядналі з рэйсам Y7-7068 авіякампаніі NordStar. Палёт таксама ажыццяўляецца на Sukhoi Superjet, піша The Moscow Times.
Гэта ўжо другі інцыдэнт з паломкай самалёта расійскіх авіякампаній за суткі. Увечары 8 сакавіка сігнал бедства падаў Boeing 767-300 чартэра Azur Air, які ляцеў з Цюмені ў в'етнамскі Нячанг. Гэта адбылося праз шэсць гадзін палёту, недалёка ад М'янмы. У самалёта ўзніклі праблемы з рухавіком. Пілот прыняў рашэнне прызямліцца ў найбліжэйшым аэрапорце М'янмы, якім стаў Янгон. Ніхто з 336 пасажыраў і дзесяці членаў экіпажа не пацярпеў.
Рэзервны самалёт выправіўся ў Янгон з Масквы толькі а 13:30 у панядзелак. Чакаецца, што ён прыбудзе на месца а 21:30. На час чакання пасажыраў размясцілі ў гарадскіх гатэлях.
Да гэтага ў аднаго і таго ж самалёта Azur Air — шырокафюзеляжнага дальнемагістральнага Boeing 767 — двойчы загараўся рухавік. Упершыню гэта здарылася 27 лютага, калі лайнер павінен быў даставіць расіян з в'етнамскага вострава Фукуок у Казань. 2 сакавіка сітуацыя паўтарылася пасля вылету з Масквы ў тайскую Патайю. Борт здолеў даляцець да пункта прызначэння.
З красавіка Azur Air скараціць штат і палётную праграму на фоне паломак самалётаў, праверак дзяржаўных органаў і скаргаў пасажыраў на шматгадзінныя затрымкі рэйсаў. Гендырэктар кампаніі Яўген Каралёў адзначаў, што «пад нож» трапяць рэйсы, якія выконваюцца з рэгіёнаў якраз на Boeing 767.
У Расіі з-за выкліканых санкцыямі праблем з запаснымі часткамі выйшлі з ладу больш за трэць дальнемагістральных самалётаў, неабходных для рэйсаў на Далёкі Усход і за мяжу, падлічыў напрыканцы лютага «Коммерсантъ». Паводле ягоных звестак, з 93 замежных лайнераў гэтага тыпу, што засталіся ў краіне, у строі менш за 60. Астатнія альбо праходзяць працяглае тэхабслугоўванне, альбо прастойваюць.